Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў (2004). І. Я. Лепешаў

 ◀  / 440  ▶ 
іншага, калі невыразнасць наступнага дня не давала спакою (Ц. Гартны. Сокі цаліны). Працаднём гэтым мяне ашаламіў… А тут яшчэ ордэнам стаў спакушаць. Ці доўга з панталыку збіцца (К. Крапіва. Пяюць жаваранкі). Утвораны ад фразеалагізма збіваць (збіць) з панталыку каго. Слова панталык, невядомае па-за фразеалагізмам, «цьмянага» паходжання. Ёсць розныя меркаванні пра яго этымалогію. У слоўніку М. Фасмера (у дадатку рэдактара) выказваецца думка, што ў слове панталык можна бачыць запазычанне з аўстрыйскабаварскага дыялекту — рапtl ('каснічок, стужачка'), якое ў многіх славянскіх гаворках дало суфіксальнае ўтварэнне з тым жа значэннем: укр. дыял. пантлик, пантлика, польск. дыял. рętlik, рęlіkа, славацкае рапtlіk, мараўскае репtlіk. Аднак наўрад ці магло ўступіць слова панталык (з названым яго значэннем 'каснічок, стужачка') у лексіка-граматычную спалучальнасць са словам збівацца. Больш пераканальная думка М. І. Міхельсона, які звязвае этымалогію слова панталык з назвай гары ў паўднёвай Грэцыі — Пентэлік. Гл. збіваць (збіць) з панталыку каго. Збіваць (збіць) з панталыку каго. Запазыч. з укр. м. (збивати/ збити з пантелику). Ужыв. са значэннямі 'заблытваць, выклікаць замяшанне, разгубленасць' і 'уздзейнічаючы якім-н. чынам, схіляць да адыходу ад ранейшага, штурхаць на што-н. нядобрае'. Рудольф сваім паведамленнем пра вайну зусім збіў вас з панталыку (Ц. Гартны. Сокі цаліны). [Дзед Бадыль: ] З старасцянкаю знюхаўся, а яна яго з панталыку збівае. Глядзі, сынок, каб ты праз яе сабакам не стаў! (К. Крапіва. Партызаны). Фарміраванне выразу мае сувязь з назвай гары ў паўднёвай Грэцыі — Пентэлік. У старажытныя часы гара славілася сваім мармурам, а таксама вялікай пячорай з гротам і вапнавымі нарасцямі, дзе лёгка было заблудзіць, заблытацца. Фразеалагізм склаўся, хутчэй за ўсё, у маўленні гімназістаў. Засвоенае імі пры вывучэнні грэчаскай мовы слова Пентэлік атрымала сэнсавае прырашчэнне і было ўключана ў фразеалагічную формулу гатовай мадэлі збіваць з толку каго. Пра тое, што выразы збіваць з панталыку, збівацца з панталыку, вядомыя ў бел., руск. і польск. м., узніклі на Украіне, сведчаць наступныя факты. Самая ранняя фіксацыя фразеалагізма збівацца з панталыку належыць А. Пагарэльскаму. У яго рамане пра жыццё правінцыяльнага дваранства на Украіне «Манастырка» (1830–1833) чытаем: «— Що ты городышь, Галя! — сказала она мне. — Ты збылась с панталыку». Далей ідзе аўтарскі каментарый: «Это по-здешнему, кажется, значит: ты с ума сошла». Выраз неаднаразова ўжываецца ў творах Т. Шаўчэнкі; у п'есе «Назар Стадола» (1843–1844): «Дівці дівку недовго збить з пантелику»; у аповесці «Наймичка» (1844) у
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.

Дадатковыя словы

збиватиі, песе
63 👁
 ◀  / 440  ▶