Заліваць кулі каму. Уласна бел. Бессаромна лгаць, расказваць няпраўдападобнае. Залівайце кулі камусь другому, паганцы! (М. Машара. Лукішкі). Па-астрожнаму такіх людзей проста называлі залівакамі, ад выразу — заліваць кулі, што значыць ілгаць (Я. Колас. На ростанях). Утварыўся, відаць, у выніку кантамінацыі рускага выразу лыть пулы і дзеяслова заліваць у значэнні 'хлусіць, ілгаць'. Выраз ліць кулі, як мяркуе В. У. Вінаградаў, склаўся ўжо ў першай палавіне XVIII ст., узнікшы ў асяроддзі ліцейшчыкаў. Яго папярэднікам быў фразеалагізм ліць званы (руск. лить колокола, укр. дзвін великий лити). Узнікненне гэтага фразеалагізма звязана з прафесійнай міфалогіяй ліцейнай справы. Існавала павер'е, пра якое ў рускім часопісе «Навіны» (1901, 31 мая) чытаем: «Калі адліваюць званы, неабходна пусціць якую-небудзь чутку, якой паверылі б прастадушныя абывацелі. Чым недарэчнейшая выдумка і чым больш ёй павераць, тым удачнейшай будзе адліўка», тым галаснейшым будзе звон. Пра тое ж і ў М. Федароўскага: «Мусіць, дзесь звон адлілі, калі такую байку пусцілі цікавую». I яшчэ: «Недзе звон адлілі, то пусцілі аб гэтым пагалоску, каб быў галасны». Іншай думкі прытрымліваецца В. М. Макіенка. Ён лічыць, што «ліцейная» трактоўка паходжання фразеалагізма ліць кулі «не вытрымлівае крытыкі», і мяркуе, што выраз утварыўся шляхам нарашчэння кампанента куля да дзеяслова ліць ілгаць' «з экспрэсіўнай актуалізацыяй зыходнага слова». Замарыць чарвяка (чарвячка). Запазыч. з руск. м. Злёгку перакусіць, спехам прагнаць голад. — Трэба чарвяка замарыць, — абазвауся і ён [Іван]. — Не ляжалі ж на баку — на цэлы стог палажылі травы… I ўся едкая, з гарошкам… (М. Капыловіч. Жаніх). У руск. м. выраз прыйшоў як недакладная калька з франц. м. (tuer lе ver, літаральна «забіць чарвяка»), дзе ён абазначае 'выпіць нашча спіртнога'. Узнікненне фразеалагізма звязана са старажытным народным павер'ем, паводле якога ад глістоў можна пазбавіцца, калі выпіць нашча спіртнога. Спачатку ў руск. м. выраз выкарыстоўваўся з тым жа значэннем, што і ў франц. м., а пасля стаў абазначаць 'злёгку перакусіць'. Параўн. ужыванне фразеалагізма ў яго першасным значэнні: «[Даміцэля:] Ай! Ужо ж я дурная! Гэта ж і ёсць чым чарвячка замарыць! Мой учора з прычыны першага дня сёмухі прызапасіў паўквартачку, каторай з палавінку выпіў, а рэшта асталася» (Я. Купала). Замуж за пана Пясоцкага збірацца. Уласна бел. Паміраць. [Малады бадзяжнік] тутэйшай старой удавіцы абяцае: —Далібог, цётка, я вас замуж аддам. — А ідзі ты к чорту матары, п 'янчуга, — злуецца старая. — Мне не сёння дык заўтра ўжо
Дадатковыя словы
павере, паверем
70 👁