польск. zamknąć осzу і інш.). Быць побач з тым, хто памірае, у апошнія хвіліны жыцця. Маня адвярнулася. Слёзы душылі яе. Нядобра пакідаць маці ў такі час. Можа, яна, калі вернецца, і не застане яе… Чужы чалавек мусіць закрыць ёй вочы… (А. Якімовіч. Піянер Геня).
Выток фразеалагізма — старажытны звычай закрываць вочы нябожчыку. Калі гэтага не зрабіць своечасова, то, паводле павер'я, нябожчык «выглядзіць» сабе ахвяру.
Закрываць (закрыць) лавачку. Калька з франц. м. (fermer bоutіquе). Спыняць якую-н. справу, дзейнасць (часцей заганную). Не кватэра, а цэх, у якім і не разбярэш, што робяць, — не то сталярнічаюць, не то лапці плятуць… Кацярына Сафронаўна гэту лавачку закрыла… (М. Ракітны. Капаніца).
Узнік у выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, у якім лавачка мае значэнне 'дробная гандлёвая ўстанова'.
Закусваць (закусіць) цуглі. Агульны для ўсходнесл. м. Распаліўшыся, ісці напралом, дзейнічаць, ні з чым не лічачыся. Жэня ўжо закусіла цуглі і не магла сябе стрымаць. Нагаварыла яна Валянціну шмат чаго крыўднага, можа, нават і лішняга (Б. Стральцоў. Між крутых берагоў).
Утвораны ў выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, якое, ужываючыся ў дачыненні да каня, абазначае 'заціснуць цуглі зубамі'.
Залатая сярэдзіна. Калька з лац. м. (аuгеа mеdіосгіtаs). Ужыв. са значэннямі: 1) прамежкавае становішча, 2) спосаб паводзін, пры якім пазбягаюць крайнасцей, рызыкоўных рашэнняў. Не сказаць каб вельмі, але і ў раёне старшыню паважалі: як-ніяк калгас займаў залатую сярэдзіну (В. Праскураў. Сонца ў зеніце). Дзе яна, залатая сярэдзіна тая, дзе яны, залатыя словы аб праўдзе, аб вечнасці, аб айчыне (М. Лынькоў. На чырвоных лядах).
Аўтар крылатага выразу — старажытнарымскі паэт Гарацый (65 — 8 гг. да н. э.), які ў одзе выкарыстаў яго са значэннем 'прамежкавае становішча'.
Залатое дно. Калька з англ. (gоld mіnе) або ням. (еіn gоldепег Воdеn) м. Вельмі багатая крыніца даходу. Пасля смерці бацькоў, па спадчыне, да яе [Марты] пераходзіла ферма. А гэта лічылася ў Германіі залатым дном (М. Машара. Ішоў дваццаты год).
У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз.
Залаты дождж. Калька з ням. м. (Gоldregen). Вялікія грашовыя сумы, прыбыткі. Я гавару аб Амерыцы прадпрыемцаў, бізнесменаў, пражорлівых і ненасытных манапалістаў, для якіх вайна была не чым іншым, як залатым дажджом, невычэрпнай
201 👁