Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў (2004). І. Я. Лепешаў

 ◀  / 440  ▶ 
дзень аддаюць перавагу забіванню казла або тэлевізару (Звязда. 12.07.1987). Назоўнікавы фразеалагізм, вытворны ад суадноснага дзеяслоўнага забіваць казла 'гуляць у даміно'. Забіваць (забіць) двух зайцаў. Агульны для ўсходнесл. м. Дабівацца адначасовага ажыццяулення дзвюх мэт. [Генка:] Так мы зразу забіваем двух зайцау: вырашаем праблему харчавання і рэгулюем рост насельніцтва (К. Крапіва. Брама неўміручасці). Узнік на вобразнай аснове прыказкі За двума зайцамі пагонішся, ніводнага не зловіш як бы насуперак значэнню яе літаральнага плана. Забіць асінавы кол у магілу каго, чаго. Усходнесл. Канчаткова пазбавіцца каго-н., чаго-н. Пара скончыць з аджытымі формамі гаспадаравання на вузкіх палосках і забіць асінавы кол у магілу індывідуальнай гаспадаркі (Я. Колас. Адшчапенец). Узнік у выніку фразеалагізацыі свабоднага спалучэння слоў, звязанага з даўнейшым прымхлівым звычаем забіваць асінавы кол у магілу ведзьмака; гэта нібыта гарантавала, што ён не зможа выходзіць з магілы і шкодзіць людзям. Параўн. ужыванне словазлучэння з прамым значэннем яго кампанентаў: «Закапалі, убілі асінавы кол, далі насып тры сажні высокі» (Я. Купала). Заблудзіць у трох соснах. Гл. блудзіць (заблудзіць) у трох соснах. Заблудная (блудная, аблудная) авечка. Фразеалагізм з аналагічнай вобразнасцю і значэннем ёсць амаль ва ўсіх еўрапейскіх мовах. Абазначае 'чалавек, які збіўся з правільнага жыццёвага шляху' Колькі надзеі паклаў ён [«брат Міша»] на тое, што прывядзе нарэшце «к госпаду» гэтую «заблудную авечку» (Я. Брыль. Праведнікі і зладзеі). Выраз склаўся на базе евангельскай прытчы (Лука, 15, 4–6) пра чалавека, які, «маючы сто авец і згубіўшы адну з іх», пакінуў астатніх у пустыні і пайшоў шукаць заблудную, а знайшоўшы яе, радаваўся «больш, чым дзевяноста дзевяці не заблудным». Так, гаворыцца ў канцы прытчы, «бывае радасць у анёлаў божых і аб адным грэшніку, які каецца». За бортам аказацца, апынуцца і пад. Агульны для ўсходнесл. м. Без справы, без удзелу ў чым-н. Але ж за бортам Андрэй Захаравіч апынуўся па вашай віне, Алена Міхайлаўна (Настаўн. газ. 29.05.1985). Утварыўся ў выніку ўнутрыфразеалагічнай дэрывацыі на аснове ўжо існуючага дзеяслоўнага выразу выкідваць за борт каго, што (гл.), набыў уласцівасці прыслоўных фразеалагізмаў. Забраць за жывое каго. Гл. закрануць за жывое каго
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
44 👁
 ◀  / 440  ▶