Е Егіпецкая кáра. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. египетская казнь, укр. египетська кара). Нязносна цяжкае становішча, бяда, бядота. [Ухватаў:] Не-е, я на вас аброцьку знайду. Я табе такую кару егіпецкую зараз знайду, на ўсё жыццё табе хопіць! (А. Макаёнак. Пагарэльцы). Склаўся на аснове біблейскага аповеду (Зыход, 7-12) аб дзесяці карах (ператварэнне вады Ніла ў кроў, падзеж жывёлы, маравая пошасць, нашэсце саранчы, шматдзённая цемра і інш.), якімі Бог пакараў егіпцян за тое, што фараон адмаўляўся вызваліць яўрэяў, што жылі ў Егіпце на становішчы рабоў. Ездзіць па левым баку. Уласна бел. Парушаць нормы літаратурнай мовы. У нас, аднак, для некаторых людзей моўныя нормы — не закон. Яны «ездзяць палевым баку» (Настаўн. газ. 1.04.2000). Крылаты выраз з артыкула К. Крапівы «Ці будзем мы ездзіць па левым баку?» (1973). I ў загалоўку, і ў тэксце артыкула словазлучэнне ўжыта з метафарычным, пераносным значэннем. Падаецца і аснова пераасэнсавання — супастаўленне з правіламі дарожнага руху (у прыватнасці, такога правіла, як «трымайся правага боку»). Ерыхонская труба. Гл. іерыхонская (ерыхонская) труба. Есці поедам каго. Агульны для ўсходнесл. м. Бесперастанку мучыць папрокамі, дакараць, зневажаць. Ты ж яго грызла і грызла, поедам ела. Ды не адна, а ўдвух з маткаю (П. Місько. Градабой). Узнік па мадэлі таўталагічных выразаў тыпу прападзі пропадам. Сэнсаўтваральным тут выступае дзеяслоў есці, ужыты ў пераносным значэнні 'даймаць каго-н. сваркамі, папрокамі'. Далучанае да дзеяслова аднакаранёвае прыслоўе поедам, неўжывальнае па-за гэтым выразам, узмацняе экспрэсію фразеалагізма і дапаўняе яго значэнне элементам бесперапыннасці. Есці просіць(-яць). Агульны для ўсходнесл. м. Ужыв. пры дзейніку, які абазначае назвы абутку, і мае сэнс 'вельмі знасіўся, патрабуе рамонту (бот, чаравік і пад.)'. У лодцы і босай сядзець можна. Вунь, адзін чаравік мой — есці просіць (А. Шашкоў. Белы камень). Утвораны праз супастаўленне дзіравага абутку з адкрытым ротам немаўляці, які гэтай мімікай просіць есці. Ехаць з кірмашу. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. ехать с ярмарки, укр. іхати з ярмарку). Блізіцца к канцу жыцця. Гэта ж
48 👁