Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў (2004). І. Я. Лепешаў

 ◀  / 440  ▶ 
Дымавая заслона. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. дымовая завеса, укр. димовая завіса). Маскіроўка, наўмыснае адцягванне ўвагі ад чаго-н. У ходзе следства і суда дымавая заслона рассеялася, і хапугі паўставалі такімі, якші былі (Звязда. 3.10.1982). Узнік у выніку пераасэнсавання састаўнога тэрміна, якім у маўленні ваенных называюць штучна ўтвораныя воблакі дыму як спосаб маскіроўкі. Дым каромыслам. Запазыч. з руск. м. Дзе-н. пануе вялікае ажыўленне ці падымаецца шум, беспарадак, сумятня. У другой [вёсцы] паліцаі вяселле гуляюць, нейкага бобіка жэняць: панаехала, па вуліцах поўна падвод, п'янка — дым каромыслам (В. Быкаў. Круглянскі мост). Узнікненне фразеалагізма звязваюць з даўнейшым сялянскім бытам, калі існавалі курныя хаты, г. зн. хаты, якія абаграваліся печкай без коміна. Дым выходзіў праз спецыяльнае акенца або ў дзверы. Калі ў хаце было спакойна, а на дварэ стаяла добрая пагода, дым выходзіў роўным патокам. Калі ж пачынаўся шум, сумятня, то дым падымаўся каромыслам, г. зн. выбіваўся клубам і пасля перавальваўся дугой. Дыхаць на ладан. Гл. на ладан дыхаць
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.

Дадатковыя словы

пянка
43 👁
 ◀  / 440  ▶