Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў (2004). І. Я. Лепешаў

 ◀  / 440  ▶ 
Паводле паходжання гэта выраз каламбурнага характару. Тут на рэалізаванае спачатку значэнне слова дулю, выкарыстанае ў якасці пагардлівай адмовы 'не, зусім не', накладзена яшчэ адно значэнне — 'плод ігрушы' — з адначасовым дапаўненнем гэтага значэння экспрэсіўным дадаткам з маслам. Душа наросхрыст у каго. Паўкалька з руск. м. (душа нараспашку). Хто-н. вельмі шчыры, адкрыты. Памятаеце па Гомелю? Партызан, душа наросхрыст. Некалькі танкаў падарваў (У. Карпаў. За годам год). Мяркуюць, што ў словазлучэнні, з якога ўзнік фразеалагізм, рэалізуецца значэнне слова душа (засведчанае ў слоўніку У. Даля) — 'ямачка на шыі пад кадыком'. Паводле народных уяўленняў, у гэтым месцы знаходзіцца душа. На грудзях, каля душы («ямачкі»), раней насілі, хавалі грошы. Першапачаткова словазлучэнне душа наросхрыст абазначала, як піша М. М. Шанскі, «чалавека з расшпіленым каўняром кашулі, які не баіцца паказаць, што ў яго за пазухай». Параўн.: «Гэта ўражанне як бы дапаўняла тое, што каўнер касавароткі быў расшпілены, нібы паказваў: уся душа наросхрыст» (І. Мележ. Подых навальніцы). Душа ў пяткі схавалася, ускочыла у каго. Недакладная калька з лац. м. (аnіmus іn реdеs dесіdit — душа ў ногі (ступні) упала). Каго-н. ахоплівае моцны страх. Не, я перапалохалася вельмі. Як ён пачаў гаварыць, дык у мяне душа ў пяткі схавалася (А. Асіпенка. Вогненны азімут). У аснове фразеалагізма — гіпербалізаваны вобраз. Душой загавець. Уласна бел. Памерці, загінуць. Закон, бачыш, такі ёсць: як хто сам праз сябе памрэ, дык датуль няможна хаваць, пакуль не дойдуць, як і праз што ён душой загавеў (Я. Купала. Раскіданае гняздо). Слова загавець, апрача свайго асноўнага значэння 'паесці скаромніны апошні раз перад постам', у бел. гаворках ужываецца з іншымі значэннямі; напрыклад, у «Матэрыялах для слоўніка мінска-маладзечанскіх гаворак» (1974): загавець — захварэць'. Параўн. таксама: «Я не хачу загавець жыццём чорт ведама за што» (Р. Мурашка). Тут ужо сэнс дзеяслова загавець іншы: загінуць'. Такое ж устар. ці дыял. значэнне і ў дзеяслоўным кампаненце фразеалагізма душой загавець. Яно выяўляецца пры супастаўленні гэтага фразеалагізма з антанімічным душой адгавець — ажыць'. Параўн. у слоўніку У. Даля: гавець — 'жыць, быць' (з паметай «устарэлае»). «Магчыма, словы загавець, адгавець ад таго кораня, што і жыць, гаіцца (загаіцца)» (Ф. Янкоўскі). Як бачым, сэнсавым цэнтрам фразеалагізма душой загавець першапачаткова выступаў дзеяслоў загавець
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
51 👁
 ◀  / 440  ▶