Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў (2004). І. Я. Лепешаў

 ◀  / 440  ▶ 
Як лічаць У. Даль і А. Праабражэнскі, гэты фразеалагізм у XIX ст. ўжываўся толькі ў паўднёвых гаворках (тэрыторыя сучаснай Украіны). Узнікненне выразу можна звязваць з даўнім славянскім пахавальным абрадам. Існавала павер'е, што прыстанкам душы пасля смерці чалавека становіцца дрэва. Пры пахаванні перавагу аддавалі дубу. Дно ямы выкладвалася дубовым лісцем, помнікі на магіле рабіліся з дубу. Дубовыя помнікі накшталт лодкі «сустракаюцца да гэтага часу на Заходнім Палессі і суседняй з ім Паўночнай Валыншчыне», такія помнікі «зафіксаваны ў мясцовасцях, дзе шмат камення, але яны абавязкова драўляныя, што звязана, трэба меркаваць, з культам дрэва» (М. І. Талстой). Дубовая галава. Агульны для ўсходнесл. м. Тупы, неразумны чалавек. Вот жа дубовая галава. Далей свайго носа нічога не бачыць (М. Вышынскі. У адведках). Кампанент дубовая тут адыгрывае сэнсаўтваральную функцьпо: ён суадносіцца з такімі словамі, як дубіна, дуб, адно са значэнняў якіх тоеснае са значэннем гэтага фразеалагізма. Дулю (фігу) з макам. Агульны для бел. іўкр. м. Ужыв. са значэннямі 'зусім нічога не (атрымаць, даваць і пад.)' і 'не, зусім не (у значэнні адмоўнага слова-сказа)'. Вы за гэта грошы аграбаеце з казны. А мне… дулю з макам даяце. Знайшлі дурня… (В. Каваленка. Падвышанае неба). А каб прылашчыць, дык фігу з макам, перасылаюць адна да адной, нібы той футбольны мяч (В. Зуб. Мае жонкі). Паводле паходжання гэта выраз каламбурнага характару. Тут на рэалізаванае спачатку значэнне слова дуля, выкарыстанае ў якасці пагардлівай адмовы 'не, зусім не', накладзена яшчэ адно значэнне — 'плод ігрушы' — з адначасовым дапаўненнем гэтага значэння экспрэсіўным дадаткам з макам. Параўн. прыклад, дзе перадаецца працэс разгортвання слова ў фразеалагізм: «— Чаго гэтую набрыдзь сюды пагнала? — Дык я ж кажу: па дранічкі прыбеглі!.. — Дулю! Дулю ім! З макам і такам! Замест дранічкаў…» (А. Савіцкі). Раней насенне маку было частай прыправай у ежу. Параўн. у прыказцы: Еш, дурань, бо то з макам! Дулю (фігу, кукіш) з маслам. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. фигу (шиш, кукиш) с маслом, укр. дулю (фігу) з маслом). Ужыв. са значэннямі: 1) зусім нічога не (атрымаць, даваць і пад.), 2) не, зусім не (выказванне катэгарычнага адмаўлення, пярэчання і пад.). — Абшастаў усе кнігарні, — выціраючы насавіком жоўты плеш, зашаптаў мой сусед. — Знайшоў фігу з маслам (I. Аношкін. Бурсакі). — У добраахвотнікі хай запішацца!.. — Дулю з маслам, на фронце ногі можна замачыць! — адгукнуўся другі (М. Лобан. На парозе будучыні
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.

Дадатковыя словы

павере
53 👁
 ◀  / 440  ▶