Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў (2004). І. Я. Лепешаў

 ◀  / 440  ▶ 
Для мэблі. Запазыч. з руск. м. (для мебели). Зусім бескарысны, непатрэбны пры якой-н. справе або дзе-н. [Пётр:] Ці зможа яна разабрацца ва ўсіх інструкцыях і розных там паперках? [Насця:] Ды і мы тут не для мэблі. Паможам, падкажам (В. Зуб. Злавацца не трэба). Паходзіць з маўлення карцёжнікаў. Як засведчана ў даўнейшых слоўніках арго, словам мэбля (мебель) карцёжнікі называлі хаўруснікаў шулера, якія не ведалі шулерскіх прыёмаў і ўдзельнічалі ў гульні для павелічэння колькасці партнёраў, калі іх было мала. Днём з агнём. Запазыч. з руск. м. Ужыв. са значэннямі 'ніякім чынам, аніяк (не знойдзеш, не знайсці каго-, чаго-н.)' і 'з вялікімі цяжкасцямі, прыкладаючы значныя намаганні (шукаць, пашукаць каго-, што-н.)'. У вайну мыла было днём з агнём не знайсці. А ў Захаркавай лазні аж два брускі: Тадорка дастала з дна скрыні (І. Сіняўскі. Дарога на Замлынне). [Акуліна:] О, цяпер такіх нявестак днём з агнём пашукаць трэба (А. Цяжкі. Нялюбая). У руск. м. узнікненне фразеалагізма звязваюць з легендай пра грэчаскага філосафа Дыягена (IV ст. да н. э.). Аднойчы ён, каб паказаць, як мала сапраўдных людзей сярод сапсаванага грамадства, запаліў днём ліхтар і ўсюды хадзіў з ім, гаворачы: «Шукаю чалавека». Добрая (вясёлая) міна пры дрэннай гульні. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. хорошая мина при плохой игре, укр. весела міна при поганій грі). Маскіроўка свайго незадавальнення, непрыемнасцей знешнім спакоем, весялосцю. Пасол, каб хоць нейкім чынам апраўдацца, захаваць добрую міну пры дрэннай гульні, мусіў гаварыць пра «два элементы» ў палітыцы сваёй краіны… (А. Вярцінскі. Дзве дыпламатыі на паверку). Назоўнікавае ўтварэнне на базе суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма рабіць добрую міну пры дрэннай гульні (гл.). Добры геній чый. Паўкалька з франц. м. (bоn génіе). Чалавек, які аказвае на каго-н. дабратворны ўплыў, прыносіць каму-н. карысць. [Жарэс Ляхоўскі] зноў усміхнуўся: «Ты мой добры геній, я гэтага чакаў». I ён паклаў сваю белую далікатную руку на яе маленькую, з доўгімі пальцамі ручку (У. Дамашэвіч. Німфа). Склаўся на аснове старажытнарымскіх міфалагічных уяўленняў. Геній, паводле гэтых уяўленняў, — дух-заступнік, які кіруе дзеяннямі і думкамі чалавека на працягу ўсяго яго жыцця. Лічылася, што ёсць два геніі: добры, які прыносіць карысць, і злы, які аказвае на чалавека дрэнны ўплыў. Добры дзень! Гл. Дзень добры! Дойная карова. Раўназначныя адпаведнікі ёсць амаль ва ўсіх славянскіх, атаксамарумынскай, турэцкай і іншых мовах. Відаць
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
64 👁
 ◀  / 440  ▶