Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў (2004). І. Я. Лепешаў

 ◀  / 440  ▶ 
плаўкай награваюць, у залежнасці ад тэмпературы ён становіцца спачатку чырвоным, а затым светлым (белым). Да белых мух. Агульны для ўсходнесл. м. Да першага снегу, да халадоў (рабіць што-н.). Ну, дарагі мой, з такім настроем і да белых мух не закончыце ўборку (Л. Левановіч. Шчыглы). Утварыўся на аснове назоўнікавага фразеалагізма белыя мухі (гл.), набыў уласцівасці прыслоўна-акалічнасных выразаў. Дабры бабры. Уласна бел. Хітры, выкрутлівы чалавек. Напрыклад, у оперы В. Дуніна-Марцінкевіча «Сялянка» Навум кажа Юліі, якая падвучвае яго пераапрануцца ў жаночае адзенне і прыйсці замест яе на спатканне да Яна: «Ой, цікунка ты, цікунка! відна, што дабры бабры. Глядзі, мая перапёлачка, штоб з гэтага піва не выйшла якога дуру…». Генетычна выраз з'яўляецца часткай прыказкі Усе бабры дабры, адна выдра ліхая (у такой форме яна занатаваная ў зборніку М. Федароўскага; параўн. у зборніку І. І. Насовіча: Усе бабры дабры, адна выдра — ліха яе бяры). Адарваўшыся ад прыказкі, выраз стаў ужывацца з іншым, чым у прыказцы, парадкам кампанентаў. Даваць (даць) газу каму. Відаць, паукалька з ням. (Gаs gеbеn) ці франц. (dоnnег lеs gаz) м. Прымушаць каго-н. быць больш энергічным. — Правільна! Правільна… Харошы будзе наш камандзір… — Дзякуй за выбары… А цяпер трымайцеся, я вам дам газу… — і [Пятрэнка] чамусьці прыўзняўся на пальчыках (П. Пестрак. Гараць вёскі). Узнік у выніку пераасэнсавання састаўнога тэрміна, які ў маўленні шафёраў абазначае 'паскараць рух машыны, павялічыўшы паступленне гаручага'. Даваць (даць) галаву на адрэз (на адсячэнне). Калька з франц. м. (dоnnег sа têtе á соuрег). Браць на сябе поўную адказнасць за што-н. Я магу даць галаву на адрэз, што ён [Метак] недзе тут сноўдаецца з хутара на хутар (А. Бажко. Позняе ворыва). Фразеалагізм успрымаецца як матываваны. Даваць (даць; задаваць, задаць) перцу каму. Калька з ням. м. (Рfеffег gеbеn). Ужыв. са значэннямі 'рэзка прабіраць каго-н.' і 'сурова распраўляцца з кім-н., біць з бязлітаснасцю'. [Жэня:] Дай ты яму, Роза, перцу. А то ён тут да нашых дзяўчат заляцацца пачаў (І. Козел. Над хвалямі Серабранкі). — Трымайся! Задай яму перцу! — падахвочвалі буйвала з усіх бакоў (Я. Маўр. Амок). Фразеалагізм з жывой унутранай формай. Даваць (даць; задаваць, задаць) стракача ад каго, адкуль, куды. Запазыч. з руск. м. Кідацца наўцёкі, імкліва ўцякаць.
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
80 👁
 ◀  / 440  ▶