для духавенства, якое старалася зацерці ўсякую памяць ў народзе аб яго даўным да хрысьціянскім жыцьці, аб яго папярэднім "паганскім", знача нячыстым, сьветаглядзе. А гэты "нячысты" сьветагляд прабіваўся з кождага слова народнага, згэтуль той разьдзел паміж мовай народнай і кніжнай.
Дзяржаўная ўлада і цэрква з яе "сьвятой" граматнасьцю ішлі рука ў руку, ўзаемна падпіраючыся.
Узгадаванае на візантыйскім дэспотызме хрысьцянства акружала пануючых блескам; пануючыя, наўзаем, акружалі духавенства дабрабытам. Чужая народу мова царквы сталася мовай і ўраду. І толькі, калі ў саміх пануючых клясах была ўтрачана зьвязь мовы са старымі "нячыстымі" традыцыямі, пачынае народны элемэнт пранікаць у кнігу, якая ў першых пачатках была толькі рэлігійнага зьместу. Вось чым тлумачыцца той страшэнны консэрватызм царквы і сьляпое трыманьнеся ею чужой мовы. Але ў даўныя часы гэты консэрватызм меў прынамні апраўданьне ў боязьні, што народ можа зьвярнуцца да старых паняцьцяў, цяперашні-ж, пад гэтым узглядам консэрватызм царквы, гаворыць толькі адно, што яна зьяўляецца слугой адзіна сільных гэтага сьвету.
Гэткім чынам мова граматнасьці, ў самых першых пачатках, сарвала ў нас лучнасьць з мовай народнай. Тысячалетняе панаваньне царкоўнай славяншчыны, вытваранай на грунце баўгарскай мовы і прасычанай візантыйскімі паняцьцямі, палажыла глыбокі сьлед. Яна, асобную мову крыўскага племя, зблізіла з мовамі іншых усходна-славянскіх плямён. Асымілятарскі тысячалетні ўплыў баўгаршчыны значна аддаліў нашу мову ад яе першапачатковых форм і занячысьціў нескладнымі, чужымі духу і традыцыям нашага народу, словамі
28 👁