ЛЕТНІК м. Андарак. Колісь пралі да ткалі летнікі. Ніно, поба, які летнікі булі. Падварак.
ЛЕТОК м. Дзіркі для выхаду пчол з вулляў. На летку пчолкі махаюць крыламі, набіраюць воздух. Тонеж.
ЛЕЧАЙ м. Травяністая расліна. Лечай росце заранее, у маі его косіць можно. Тонеж.
ЛЕЧЭБНІЦА ж. Бальніца, аптэка. Волов'ячы язык лечэбно зелье, его ў лечэбніцу беруць. Лельчыцы. Дзеўка худнее, а ў лечэбніцу не йдзе. Падварак.
ЛЕЯ ж. Праліўны дождж. Пузалівала лея ўсё на свеці. Тонеж. Цэлы тыждзень лея ідзе. Напні плашча, а то лея така на дварэ. Лельчыцы. За ноч у хвосі воды прыбыло после леі. Падварак.
ЛЁЗО н. Лязо. Зрэзаў лёзо на одну сторону. Данілевічы.
ЛЁСТКА ж. Вузкая прадаўгаватая дошчачка, планка. Лёсткі ў біла ўдоўбваюцца. Маркоўскае.
ЛЁСТОЧКА ж. Памянш. да «лёстка». Проміж лёсточэк убіваецца ў церніцы колок. Ліпляны.
ЛЖА ж. Дробны дождж. Коб хто ету лжу супыніў. Тонеж.
ЛІЖБО злучн. Або, ці. На молоцэ ліжбо на водзе наліснікі пеком, шчоб не булі воны кіслые. Тонеж.
ЛІНА ж. Вяроўка для падняцця вулея на дрэва. Озьмі ліну, пойдом стаяна пуднімаць на хвою. Маркоўскае.
ЛІПІНА ж. 1. Ліпа. Ета кленіна акраз як ліпіна. Ліпляны. 2. Ліпавая кара. Пута круцілі з ліпіны. Ліпляны.
ЛІПОВОЧКА ж. Бочачка, выдзеўбаная з ліпавага целеша. У ліповочцы мед добра сохраняецца. Падварак.
ЛІПОЎЕ н. Ліпавая кара. От постолы поплелі з ліпоўя. Ліпляны.
ЛІСІЦА ж. Грыб, лісічка. Лісіцы самые ранніе з губ'як, іх не соляць. Маркоўскае. Лісіцы жоўценькіе, цепер іх пообрабатваюць – да ў сцеклянкі. Ліпляны. Нагодую дэтэй, Агапка, да пойдом по лісіцы. Жмурнае.
ЛІТРА ж. Літр. Як котора корова одну літру дае. Тонеж.
ЛІФІК м. Карсет. Колісь дзеўкі і жонкі ліфікі носілі з лентамі. Тонеж. З купованага краму ліфікі шыемо. Ліпляны.
ЛОВАЦЬ незак. Лавіць. Кажан год я езжу по весне рыбу ловаць. Ліпляны.
ЛОЗБЕНЬ м. Вулей з ліпавай кары. Лозбеня з полосья ліпу сошые пчоляр і крышкой закрые. Дзіркі ў лозбені продзелаюць, шчоб матка не вулезла, а пчолы ўлезалі. Тонеж.
ЛОЗЕНІК м. Назва птушкі. Лозенік плеце кубло рэдзенькое, як голубят-турок. Вон пудводзіць песню пуд солоўя. Данілевічы.
ЛОЗОЎКІ мн. Лазовыя лапці. От, чэловечэ, як ты мне надоеў своімі постоламі: дубоўкі да лазоўкі, а лутоўкі за тобою ніколі не бачыла. Ліпляны.
ЛОКША ж. Локшына. З кухмару локшу робляць да вараць з молоком. Тонеж. Наварыла б, маці, на вечэру локшы. Падварак.
87 👁