ЛАЦЬЕ-ШМАЦЬЕ н. Барахло. Нехай зобірае твой чэловек свое лацье-шмацье і к чортовой мацеры ідзе от нас. Ліпляны.
ЛЕГАЦЬ незак. Лажыцца. Трэбо ўжэ легаць спаць. Дзеці, легайце спаць, а то людзі ноч разберуць. Тонеж. Ходзяйцы нема колі спаць: легае цемна, а пуднімаецца досвета. Лельчыцы. У оплены ўдоўбваюцца ручкі дзерэўяны, а драбіны легаюць на етые ручкі. Маркоўскае.
ЛЕГЕРЭ н. Палкі, па якіх ускачваюцца бярвенні. Воза наворачвае боком, кладзе легерэ, берэ дручкі да накачвае дзерэво на воз. Тонеж.
ЛЕДОКОЛ м. Пешня. Ледоколом вурубваюць дзіркі ў лёдзі. Маркоўскае.
ЛЕЖАВЫ прым. Ялавінны. Лежавое поле чэрэз тры года сеюць. Ліпляны.
ЛЕЖАК м. 1. Дымаход на гары. Ліпляны. 2. Вулей. На козлах помешчаецца лежак боком. Маркоўскае.
ЛЕЖАНЬ м. Гультай. Добрэ, шо ты шчыры, а я хай собе й лежань. Астражанка. Не отдам нізашчо свою дочку за етого лежня. Сярэднія Печы.
ЛЕЖНЁЎКА ж. Бервяно, якое кладзецца ўздоўж насцілу на балоце. Коб лежнёўкі пудвезлі, можно було б дорогу чэрэз болото зробіць. Данілевічы.
ЛЕЗАНІЦА ж. Урочышча. Косіла ў Лезаніцы, коло рэкі. Ліпляны.
ЛЕЗВІЕ н. Верхняя жалязка ў рубанку. Спахалос моё лезвіе, трэбо було б его пудтачыць. Данілевічы.
ЛЕЗКА і ЛЕЗЬКА ж. Лесвіца. На гору трэбо лезкой лезці. Лельчыцы. Маці, станові лезьку: сын везе невестку. Мілашавічы.
ЛЕЗЬВО н. Прыстасаванне, з дапамогай якога бортнікі паднімаюцца на дрэва падглядваць пчол. З воровок робліцца лезьво на дзерэво лазіць. Ліпляны.
ЛЕЙКА ж. Страказа. Пу-над водамі, травамі летае лейка. Ліпляны.
ЛЕМЕШКА ж. Падліўка. Муку пудсушваюць, а потомака расколачваюць на лемешку. Заберажніца. Як жэ будзеш богаты, колі з одного мешка і хлеб, і лемешка. Тонеж.
ЛЕНДРЫК м. Вузкі высокі бітончык з ручкай. Озьмі лендрыка да по молоко к Сохвеі сходзі. Ліпляны.
ЛЕНЧЫЦЫ і ЛЕНЧЫЧЫ мн. Гарадскі пасёлак Лельчыцы. Тые разы ў кажной дзерэўні буў кушнер, а зара оўчыны возім у Ленчычы. Буда-Лельчыцкая. У Ленчыцах стояла вешніца, дзе цеперэка пошта. Такі лес буў сотселе і до Ленчыц. Чэмернае.
ЛЕПЕТОХА ж. Дрэннае надвор'е, слота, хлюпота. Ну й лепетоха: ні проехаць, ні пройці. Астражанка. Зноў дождзь – лепетоха будзе. Там жа.
ЛЕПЕХА ж. Балотная трава, плывунец. Лепеха – така шырока трава, по нізох росце. Товар лепеху есць. Тонеж.
ЛЕСКАЎКА ж. Маладзенькі лешч. З лескаўкі вуростае лешч. Маркоўскае.
ЛЕСОВЫ прым. Лясны. Лесову яблоню прышчэпваюць. Тонеж. Перэмерзлі лесовые яблока да смашные сталі. Данілевічы. Я зрэзваю лесовую дзічку соўсім, прысажваю садовую голінку, обмазваю ее воском ілі такою масцею. Ліпляны.
82 👁