Старонка 5
◀ / 157 ▶
У склад слоўніка ўвайшлі мясцовыя словы з дыферэнцыяльнымі прыкметамі, г.зн. такія словы, якія ў большай ці меншай ступені адлюстроўваюць рэгіянальныя асаблівасці гаворак і ў сувязі з гэтым адрозніваюцца ад літаратурных адпаведнікаў а/ каранёвай марфемай /блошчыца – клоп, жэўж – верабей, веселец – журавель, в'яліца – сухастой, в'язы – жылы, дубчык – гаплік/; б/ фанемным складам /гостры – востры, буях – буяк, брушніца – брусніца, глыбко – глыбока/; в/ марфалагічнай структурай /весняны – вясенні, дрэнчывы – дрэнны, глінны – гліняны, даўняшні – даўні, вішнік – вішняк, буракові – бурачны/; г/ пастаноўкай націску не на адным і тым жа складзе /спеваць – спяваць, другі – другі/; д/ граматычным значэннем роду /буцел – бутля, кілометра – кілометр/; е/ лексічным значэннем /цалкам ці часткова/ пры аднолькавым фанемным складзе /від – твар; ягода – 1.ягада; 2.шчака; квас – 1.квас; 2.кампот/. Большую частку слоўніка складаюць мясцовыя традыцыйныя дыялектызмы і даўнія ўсходнепалескія рэгіяналізмы. Гэта такія, напрыклад, словы, як брошэнь – стрыечны брат, рало – саха, віш – атава, вужоўкі – ядавітыя грыбы, мач – вілы, наглы – вялікі, потапцы – крышані, поўрэ – вырай, шылег – лаза, явар – таполя/. У слоўнік уключана частка мясцовай анамастыкі /мікратапонімы, некаторыя антрапонімы/, а таксама засведчаныя мясцовыя новыя словы /драпачы – культыватар, драцянік – электрык/, якія ўзніклі ў выніку сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў і росту культуры на Палессі пасля Кастрычніка. Лексікаграфічная інтэрпрэтацыя мясцовага лексічнага матэрыялу, засведчанага ў гаворках Лельчыцкага раёна, ажыццяўлялася ў слоўніку ў адпаведнасці з агульнапрынятымі патрабаваннямі да слоўнікаў такога тыпу. Дадатковага тлумачэння патрабуюць толькі некаторыя пытанні, якія па-рознаму вырашаюцца ў лексікаграфічнай практыцы: а/ У рэестры пададзены дыялектныя словы ў транскрыпцыі, якая адлюстроўвае іх гучанне ў межах магчымасці беларускай графікі, напрыклад: СОЎЯК м. 1. Падасінавік. То я только й беру соўяка й грыба, а восенью – зеленіцы. Ліпляны. 2. Ядомы грыб, апрача баравіка. Рэшоцькі, моховікі, маслюкі – ето ўсе соўякі. Што ты набрала? – Рэшоцькоў, маслюкоў, моховікоў. Тонеж. 3. Мухамор. Етые соўякі е красные й белые, іх не беруць. Тонеж. б/ Фанетычныя варыянты слова змешчаны ў адным слоўнікавым артыкуле, напрыклад: ВІДОЎЖЫЦЬ і ВУДОЎЖЫЦЬ зак. Выцягнуць. Ліса відоўжыць шыю, понюхае – і чэловека почуе. Падварак. Ужэ ногі можно вудоўжыць, а то соўсім позаклякалі. Лельчыцы. в/ Словы з эмацыянальна-экспрэсіўнай афарбоўкай суправаджаюцца паметай «экспр.», напрыклад: ПУСТОЛЬГА ж., экспр. Нядбайны чалавек, гультай. Пустольга ты, труцень! Як толькі жонка з тобою жыве! Астражанка.
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
121 👁
◀ / 157 ▶