УВОДЗІНЫ
Лельчыцкі раён размяшчаецца ў цэнтральнай частцы ўсходняга Палесся, па левы і часткова правы бок Убарці – прытока ракі Прыпяць. Цікавасць этнографаў, дыялектолагаў і фалькларыстаў да ўсходнепалескай зоны беларускай мовы з яе багатым і ў многім яшчэ загадкавым мінулым агульнавядома. Але лексічныя багацці гэтай зоны і асабліва Лельчыцкага раёна амаль што не засведчаны.
«Палескі дыялектны слоўнік» напісаны на лексічным матэрыяле, сабраным у Лельчыцкім раёне аўтарам гэтых радкоў і часткова студэнтамі /каля 12% ад агульнай колькасці засведчаных мясцовых слоў/. У слоўніку з ліку зарэгістраваных больш за 3 000 слоў і фанетычных варыянтаў.
Адбор лексікі ажыццяўляўся на аснове дыферэнцыяльных прыкмет дыялектнага слова, а таму ў слоўнік не была ўключана лексіка, якая поўнасцю супадае ў гаворках і літаратурнай беларускай мове /ярмо, цэп, ятроўка, панчоха, наймічка, андарак, біч, корж, чаравік, крупнік, пернік, дышаль, стог, ночвы, сусед, і інш./. З розных наддыялектных крыніц праніклі ў гаворку запазычаныя словы, якія ў мясцовых умовах дэфарміраваліся ў пэўным напрамку і набылі ў выніку гэтага дыферэнцыяльныя прыкметы /беркулёз – туберкулёз, мацыклет – матацыкл, лісапета – веласіпед, антобус – аўтобус, матэфон – магнітафон, радзіво – радыё, протавар – тратуар і інш./. Такія словы таксама звычайна не ўключаліся ў слоўнік. Па-за межамі слоўніка засталіся шматлікія засведчаныя ў гаворках устойлівыя выразы, фразеалагічныя звароты, у складзе якіх апорныя словы пры ўмове іх свабоднага ўжывання не маюць прынятых дыферэнцыяльных прыкмет /хваціць маку на насенье, а людзей на веселье; далеко лежало – мало грэло; смерць да родзіны не гледзяць ніякай годзіны; хто прожыве ў горосі, а хто ў оўсе; сеў на бобах; даць дуба; мух поўны нос; не дай бог два разы жэніцца й два разы селіцца і інш./.
Сярод такіх выразаў шмат агульнанародных. Яны вядомы на ўсей тэрыторыі рэспублікі і за яе межамі. У гаворках Лельчыцкага раена засведчаны разнастайныя варыянты агульнанародных фразеалагічных адзінак /колка гостры на голове; не лові вороняк; рэшэтом воду носіць; лішне вода й млін ломае; з свого мозоля; я зо свого Хому, дзе хоч озьму, а ты свою Марынку – водзі по рынку; на палцах ходзіць і інш./, а таксама ўстойлівыя, фразеалагічныя выразы, якія ўзніклі рознымі спосабамі на сваей дыялектнай лексічнай базе і ўжываюцца, відаць, у межах усходнепалескай зоны беларускай мовы /хай чэловек постол, а цегні его за стол; прылеціць сітка – не трэбо світка; пуйці на козлы; рукі зайшлі ў пазурэ; як не будзе пахці, так не будзе воніць; крышкі з бацько здубіў і інш./.
З такіх выразаў прыказкі і прымаўкі ўключаны ў слоўнік як звычайныя цытаты з мовы жыхароў раёна для падмацавання лексічнага значэння рэестравых слоў.
106 👁