АДЗІН ЗА ЎСІХ <І> УСЕ ЗА АДНАГО <= фр. Tous pour un, un pour tous – афарызм з рамана "Тры мушкецёры" (1844) французскага пісьменніка Аляксандра Дзюма-бацькі (1802–1870), дэвіз галоўных герояў твора – верных і самаадданых сяброў – Атоса, Партоса, Араміса і Д'Артаньяна <= англ. One for all, all for one we gage – афарызм з паэмы "Лукрэцыя" (1594) англійскага паэта і драматурга Уільяма Шэкспіра (1564–1616). Першапачаткова ўжываўся як народная прыказка, вядомая ў многіх еўрапейскіх мовах (англ. One for all, all for one, ням. Einer für alle, alle für einen і інш.). □ Прынцып узаемнай дапамогі і адказнасці. Ш Толькі, браткі, цвёрда стойце за сваё! Не бойцеся ніякіх пастрашак, кажыце начальству ўсё, як ёсць. Помніце: адзін за ўсіх і ўсе за аднаго. (М. Гарэцкі. Чырвоныя ружы). Савецкі патрыятызм знаходзіць сваё надзвычай яркае праяўленне ў палітычна-маральнай еднасці народа. Перад тварам грознай небяспекі, якім з'явілася нашэсце гітлераўскіх захопнікаў, савецкі народ яшчэ цясней згуртаваўся вакол сваёй партыі. Мудрае народнае выслоўе: адзін за ўсіх і ўсе за аднаго – стала дэвізам нашых дзён. (П. Глебка. Паэзія барацьбы і перамогі). Смерць у акопах, смерць у царскіх казематах – вось што чакае нас. Дзе ж выйсце з гэтага тупіка? Станавіцеся ў рады рэвалюцыйнай арміі пад чырвоным сцягам Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі! Адзін за ўсіх, усе за аднаго! Няхай жыве рэвалюцыйнае яднанне салдат і рабочых! (І. Шамякін. Першы генерал). [Зіна:] – Ён за тых не адказвае. [Валодзька:] – Адзін – за ўсіх, і ўсе – за аднаго! Ён пайшоў служыць уладзе, якая такое дазваляе. А ўладу такую трэба ліквідаваць! Значыць, і яго ліквідаваць! Ён з фашыстамі заадно. А фашысты мучаюць людзей. Ну, то хай і ён паспытае таго ж. (А. Макаёнак. Трыбунал). Я ж прыду ў парк, і яны папытаюць – дзе Мечаны? А што я скажу хлопцам? Што-о-о-о? Проста агрызнуся? Ці схлусціць, сказаць, не бачыў... А мы ж такі закон прынялі, клятву далі – адзін за ўсіх і ўсе за аднаго, і не хлусіць ніколі адзін аднаму. Ніколі! (П. Місько. Хлопцы, чые вы будзеце...). *– Ат, і не гавары, – махнуў адчайна рукою Сакалоў. – Цяжка, браце ты мой, жыць, калі "адзін за ўсіх, а ўсе – на аднаго"... – Як гэта разумець? – асцярожна ўдакладніў я. ("Вожык", 1982 г., № 10). Прэзідэнт збіў каманду па прынцыпу "адзін на ўсіх, усе на аднаго". ("Свабода", 7 траўня 1996 г.). УСЕ ЗА АДНАГО І АДЗІН ЗА ЎСІХ. [Прут:] – А калі мы можам зрабіць гэта [данесці праўду да народа]? Толькі тады, калі мы, як правільна казалі тут, будзем аб'яднаны, калі кожны з нас за сваёй спінаю будзе чуць падтрыманне сяброў, калі мы будзем, хлопцы, граць у адну дудку. Усе за аднаго і адзін за ўсіх! (Я. Колас. Забастоўшчыкі). [Салавейчык:] – Нядобра я зрабіў, таварышы. Вельмі нядобра. Непрыгожа. Але я, таварышы, усё зразумеў і ўсвядоміў. І тое, што здарылася, будзе мне
76 👁