УЧГУР, -а, м. Канец, абрывак вяровачкі. Венік рассыпайся, вазьмі ўчгур ды зьвяжы крепчы. Тур'я Чэрык.
УЧОРА, прысл. Учора. Мы ўчора ўзмяшалі тую дзесяціну, заўтра будзем сеяць жыта. Пірагова Мсцісл. Учора я купаўся і наймуй у пячурі мянька. Гібалы Касцюк.
УЧОРЫШНІЙ, прым. Учарайшны, учорашні. Учорышнію ноч у Мікіты пыкралі сала. Добрае Мсцісл.
УЧУБУЧЫЦЬ, дзеясл. Даць дрэннае за добрае, падсунуць, уперці нахалам. Учубучылі мне нейкую дрэнь, а ні тывар. Хвёдараўка Краснап.
УЧЫЛІШЧА, -а, н. Школа. Наш Хыма пайшоў запісвыцца ў учылішча, дык учыціль яго запісаў — Фома. Бяседавічы Хоцім.
УЧЫНА, -ы, ж. Аўчына, скура з авечкі. Нада ўчыны занесьць у вырабу. Тур'я Чэрык. Ці пыставіў ты бірку на ўчыны? Хвёдараўка Краснап.
УЧЫНАК, -нка, м. Учынак. Ета ж гвалтоўны ўчынак: прысьці і зыбраць біс спросу. Азерцы Клім. Плахі ўчынак — абругаць бацьку. Слаўнае Мсцісл.
УЧЫНІТЫЙ, прым. Учынены. Над ім быў учыніт прісіл, іначый ён ба ні атдаў сваіх грошы. Бяседавічы Хоцім.
УЧЫРАШНІЙ, прым. Учорашні. На 'бед мала сяньні зваріла: махотку кардохыль ды ўчырашнію капусту пыдагрела. Арцёмаўка Міласл.
УЧЫЦІЛЬ, -я, м. Настаўнік. Учыціль пыглядзеў, як ён ныпісаў, ды скызаў перепісаць наныва. Бяседавічы Хоцім.
УШКЕНТЫ, прысл. Ушчэнт. Разьбіў яго ўшкенты. Хвёдараўка Краснап.
УШЧАПІЦЬ, дзеясл. Навязаць, сілком падаць. Ушчапілі мне сіклітарства ета — насіся цяпер зь ім. Палуж Краснап.
УШЧУПУСІЦЦА, дзеясл. Забегаць з шумам, усхадзіцца. Дзеці нешта ўшчупусіліся, штоб заўтрі дождж ні быў. Палуж Краснап.
УШЧЭРБА, -ы, ж. Страта. А, у таком быгацьці нівялікая ўшчэрба, калі адна карова і здохла. Хвёдараўка Краснап.
УШШУКАЛІЦЦА, дзеясл. Пільна, працягла шукаць. Бабы ўшшукаліся дзіцёнка, а яго ні сьлед прастыў. Палуж Краснап.
УШШЭРСЬЦІЦЦА, дзеясл. Усшэрсціцца, апіцярыцца. Чаго ты ўшшэрсьціўся, ніхто цябе ні баіцца! Хвёдараўка Краснап.
УШЫБСЬЦІ, дзеясл. Выцяць. Так можна дзіцёнка ўшыбсьці. Хвёдараўка Краснап.
УШЫВАЦЬ, дзеясл. Ушываць. Нашто табе ўшываць гузікі ў каўнер, луччы ты прішый гаплікі. Слаўнае Мсцісл.
УШЫРКІ, прысл. Ушыркі. Маё пылатно ўшыркі трохі вузейшыя зы тваё. Арцёмаўка Міласл. Наш стол ушыркі адзін аршын, а ўдоўжкі — два. Камароўка Крыч.
УШЫЦЬ, дзеясл. Ушыць. Нада бы гузік у паліто ўшыць, ды некылі — заўтрі ўшыю. Дарагая Крыч. Палога ўшыла ў кыбат гаплікі. Дубеец Касцюк.
УШЭСЬЦЯ, -я, н. Ушэсце, рэлігійнае свята. Ушэсьця ўсягды бываіць у чацьвер, на сёмый нядзелі пысьля вялікіньня. Негіп Касцюк.
УЮН, -а, м. заал. Уюн, рыба. Я многа ўюноў нылавіў у етый грязі; вон, знаць, адзін уюн яшчэ шаволіцца там. Арцёмаўка Міласл.
Ф
ФАБРЫКА, -і, ж. Фабрыка. Трапушнік зьбіраець трапкі і адпраўляець іх ны фабрыку. Міцькаўшчына Мсцісл.
ФАЙНА, прысл. Добра, прыгожа. Твой сьпінжак файна пашыт. Канахоўка Клім.
ФАЙНЫЙ, прым. Добры, прыгожы. Во файный замочык, і заклёпык ня відна. Хвёдараўка Краснап.
ФАЛЬБОНЫ, -аў, мн. л. Фальбоны. Дзяўчына пашыла сабе з фальбонымі сукенку. Машавая Бялынкав.
ФАЛЯ, -і, ж. Дама, назва карты. Ета мыя трафовыя фаля, а ў цябе была бубновыя. Горня Хоцім.
ФАНТНІНА, -ы, ж. Хусціна. Дай мне якую фантніну накрыцца ад мух. Куркаўшчына. Мсцісл.
ФАНТЫ, -ыў, мн. л. Фанты, гульня. Дывайця будзім гуляць у фанты. Шарэйкі Касцюк.
ФАРБА, -ы, ж. Фарба. Навошта табе столькі фарбы, што ты будзіш фарбуваць? Ушакі Чэрык.
ФАРБОТЫ, -ыў, мн. л. Вязаныя ручным спосабам карункі. Я зьвізала фарботы к абрусу. Буліна Касцюк. Кохта з фарботамі. Камароўка Крыч. Дзяўчына візали фарботы. Курманава Мсцісл.
ФАРБЫВАЦЬ, дзеясл. Фарбаваць. Думаю занесьць к сінельніку фарбываць спадніцу. Ушакі Чэрык. Хацелі фарбываць пряжу, ды фарбы німа ў кыпірацыі. Мсціслаў.
ФАРНАБІКС, -у, м. Праборка, нагроза. Дай яму за ета фарнабіксу, штоб ён памітываў. Сутокі Мсцісл. Я табе калі дам фарнабіксу, дык ты й сваіх ні пызнаеш. Куркаўшчына Мсцісл.
ФАСОЛЯ, -і, ж. бат. Фасоля. Ны гародзе расьце фасоля і гарох. Залессе Касцюк.
ФАЦЕРА, -ы, ж. Кватэра. Завёз хлопчыка ў горыд вучыцца і пыставіў ны фацеру ды знаёмых. Парадзіна Мсцісл.
ФЕДЗЯ, -і, м. Уласнае імя, памянш. ад Фёдар. У Федзі ёсьць харошыя карцінкі. Шарэйкі Касцюк.
ФЕДЫР, -а, м. Уласнае імя Фёдар. Змусьціцель ты, Фёдыр, майго хлыпца зьвёў, у дваре ня можыць і часу быць. Канічы Касцюк.
92 👁