ся. Сін.: Ад чорта і пад печ не схаваешся. Бывае, пападзеш у такей пераплёт, што і хацеў ба, ды не выкруцішся, ад чорта і пад печ не схаваешся.
Аддай рукамі, хадзі нагамі. Звяртаецца ўвага на несумленнасць тых, што пазычаюць у доўг або бяруць на час рэчы і не вяртаюць. А ці раз мне за сваім добрым прыхадзілася бегаць, праўду ж гавораць: аддай рукамі, хадзі нагамі.
Аддам на святэй Адам. Кажуць, калі немагчыма аддаць доўг, вярнуць узятае. Во так во і бывае: дасі чалавеку, выручыш, а ад яго тады пачуеш: аддам на святэй Адам.
Адзін блін і тэй на рэшаце. Вызначаецца выключная нястача сям'і. Ты сама, кумачка, знаеш, як Прося жыве: адзін блін і тэй на рэшаце.
Адзін відзіць за Сажом, другей за Вяхрою. Вызначаецца непаразуменне або супрацьлегласць меркаванняў суразмоўцаў. Пачута, ды, відаць, і ўзнікла ў в. Парадзіна, якая знаходзіцца ў трохкутніку, утвораным упадзеннем Вяхры ў Сож. Як ты з імі згаворышся, калі адзін відзіць за Сажом, другей за Вяхрою.
Адзін гаў, другей кусь, [трэццій плюсь]. Асуджэнне зламысных выказванняў, учынкаў. Больш поўны варыянт асуджае тых, што такое зламысніцтва падтрымліваюць, адабраюць. А сколька разоў так бывала: адзін гаў, другей кусь. У той хеўры што-небудзь людское ўвідзець трудна, тама адзін гаў, другей кусь, трэццій плюсь.
Адзін глаз на Каўказ, а другей на Кудрычы (Лешчанку). Жартоўнае выказванне па адрасе легкадумнах аматараў заляцацца ў розных вёсках. Хто не знае вашага Хведзю, у яго кажный дзень адзін глаз на Каўказ, а другей на Кудрычы. У твайго Пецічкі адзін глаз на Каўказ, а другей на Лешчанку.
Адзінокаму сабаку і хвост забава. На адзіноце карысны любы занятак. Папаліся ёй качулкі, няхай качае, адзінокаму сабаку і хвост забава.
Адзін плача, другей скача, [трэццій песенькі пяе]. Адлюстраванне няроўных умоў жыцця розных людзей. З веку вякоў так вядзецца: адзін плача, другей скача. У іх ужо даўно так: адзін плача, другей скача, трэццій песенькі пяе.
95 👁