Ні рубля ў яго не асталася, у дзіровым кармане нічога не ляжыць.
У доўг браць — шыю падстаўляць. Папярэджанне не рабіць даўгоў. Харашо, калі ты нікому не вінен, а ў доўг браць — шыю падстаўляць. Сін.: Доўг за рабро бярэ. Нахватываць у людзей — паследняе дзела, доўг за рабро бярэ.
У дурнога папа дурныя песні (малітвы). Неразумны вядзе неразумныя размовы. Паслухайце, якую лухту непадсяваную ён вярзе, у дурнога папа дурныя песні. Яно ж усягда так бывае: у дурнога папа дурныя малітвы. Сін.: У дурной птушкі (дурнога салаўя) дурныя песні. Знайшлі вы каго слухаць, у дурной птушкі дурныя песні. Пойдзем ат'етуля, ці вы дураты не чулі, у дурнога салаўя дурныя песні.
У жару і мокрае гарыць. Усё бывае добра пры спрыяльных умовах. Калі жару многа нагарэла, падкідай любэя дровы, у жару і мокрае гарыць.
Узяў і хвастом накрыўся. Узяў і не аддае, не вяртае. Якей жа ён чалавек: прасіў цяслу на два дні, прынясу, прынясу, а ўзяў і хвастом накрыўся — трэццій месяц нясе.
Узяў лычка — аддай рамушком. Доўг трэба вяртаць з удзячнасцю. Ні разу доўгу не зацягывай, знаеш, як мой дзед вучыў: узяў лычка — аддай рамушком.
Узяў пілку на сваю шыйку. Няўдала ажаніўся. Узяў пілку на сваю шыйку, не раз губы-зубы сабе накусае.
У каго грошы, тэй і харошый. Добрым лічаць багатага. А як жа ты хацеў іначы, спрадвеку так вядзецца: у каго грошы, тэй і харошый.
У каго сіла, у таго ніва. Фізічна здаровы чалавек здольны добра апрацаваць зямлю. У Прахаравых ёсць каму паработаць, у іх усё дагледжана, у каго сіла, у таго ніва.
У каго табака, у таго і празнічак жарт. Багаты можа і пасвяткаваць. Міранёнак падзаробіў грошы, ходзіць гогалем, у каго табака, у таго і празнічак.
У каго ўласць, таму не прапасць. Хто ва ўладзе, той добра жыве. Аўсей ні пра што не гаруе, сыны начальнікі, у каго ўласць, таму не прапасць.
У кажнай хаце свае мышы (свая кошка). Кожнай гаспадарцы ўласцівы пэўныя асаблівасці. Як умее, так Ганна і вядзе хазяйства, у кажнай хаце свае мышы. Адна
80 👁