У бёрда кідаюць і ніткі счытаюць. У многіх справах патрэбны дакладны падлік. Кажная ткалля знае, што ў бёрда кідаюць і ніткі счытаюць.
У ботах мыецца, у лапцях парыцца іран. Вельмі багаты, робіць, што ўздумаецца. Цяпера яго зяць у ботах мыецца, у лапцях парыцца. Вун жыў Бгыцянок, мы яго трошку помнім: у ботах мыўся, у лапцях парыўся.
У ваце сядзець у хаце. Адзенне на ваце не вельмі грэе. На зіму нада харошый палушубак ды валенкі, а ў ваце сядзець у хаце.
Увідзеў за ракою, не ўвідзеў за лужою. Убачыў далёка, не ўбачыў побач. Куды ён толька глядзеў і пра што думаў: увідзеў за ракою, не ўвідзеў за лужою.
Увосень коп восем, а вясною змётачкі. Пра тых, што не ўмеюць планаваць на будучае. Макаравы ўжо сколька гадоў так жывуць: увосень коп восем, а вясною змётачкі.
У вочы лісіцаю, зачы ваўком. Пра крывадушную асобу. Лексяёнак нам дужа ў прымеце, ён з хлапецтва такей: у вочы лісіцаю, зачы ваўком. Сін.: Спераду ліжа, ззаду кусае. Такей некаянніца, ён усягда спераду ліжа, ззаду кусае. Вот натура ў чалавека, так і цаляе, каб спераду лізнуць, ззаду куснуць. У яго бацькі такая езуіцкая натура была: спераду лізне, ззаду кусне.
У горы і грошы не радуюць. У няшчасці нічога не міла. Як стануць душыць няшчасці, тады нічога не нада, у горы і грошы не радуюць.
Удасца — дык удасца (харашо, калі ўдасца), а не ўдасца — сабакам (свінням) аддасца. Варта рызыкнуць. Яны рассуждалі так: удасца — дык удасца, а не ўдасца — сабакам аддасца. Сабраліся паехаць, гавораць, удасца — дык удасца, а не ўдасца — свінням аддасца. Дагаварыліся і пашлі ўтраіх, харашо, калі ўдасца, а не ўдасца — сабакам аддасца.
Удваіх дарога карацей (кароткая). У кампаніі лепш, чым у адзіноце. Адзін пляцешся-пляцешся, кажацца, канца-краю не будзе, а ўдваіх дарога карацей. Што вам тута прабежч праміком, удваіх дарога кароткая.
У дзіровым кармане нічога не дзяржыцца (не ляжыць). Пра неберажлівую асобу. Айдзе ў лотры якая капейчына зацэлее, у дзіровым кармане нічога не дзяржыцца.
92 👁