Відзелі мы, якей смяляк твой Грыша: заяц трапацца не любіць, вушы на спіну ды ходу. Заяц трапацца не любіць, вушы на спіну ды драла, лаві свайго Толіка за гумном.
З бальшэя (вялікай) любосці паламаў косці. Часам паміж маладымі ўзнікаюць непаразуменні і нават бойкі. Учора ў Краўцовых который раз была шумуха, Андрэй з бальшэя любосці паламаў косці. Ці мала случаяў, што з вялікай любосці ламаюць косці.
З бедным да парога, а з багатым да калёс (за вароты, да павароткі). Багатых паважаюць, з імі лічацца, а да бедных ставяцца абыякава. Яно ж так: з бедным да парога, а з багатым да калёс. Што тут рассуждаць, дзядзечка, з бедным да парога, а з багатым за вароты. Вун відзіш, як у Дземідзёнка палучаецца: з бедным да парога, а з багатым да павароткі.
Згарача і ў кіпяток ускочыш (кінешся). У экстрэмальных умовах магчымы непрадказальныя дзеянні. Гавары і на яго і за яго, яму некалі было раздумываць, а згарача і ў кіпяток ускочыш. Як ладна прыжме прытуга, дык згарача і ў кіпяток кінешся.
З голай аўцы воўны не настрыжэш. Нечага ўзяць там, дзе нічога няма. Сколька ні хадзі, ні глядзі, там нічога не было і няма, з голай аўцы воўны не настрыжэш.
Зімою на пастухоў спросу няма. Усякая справа павінна рабіцца ў свой час. Што ты бярэшся ў завею прапытываць пра луг, зімою на пастухоў спросу няма.
З (кім) вадзіцца, што ў крапіву садзіцца. З пэўнай асобай непрыемна мець якія-небудзь дачыненні. А ну яго, не хачу я з Патапёнкам звязывацца, з ім вадзіцца, што ў крапіву садзіцца. З Вольгаю вадзіцца, што ў крапіву садзіцца, луччы я адна стану і сама сабе буду палоць.
З кім ні зімаваць, абы пасцель мяккая гумар. Згода на любыя ўмовы, абы былі матэрыяльныя выгоды. А што ён стане думаць, яму з кім ні зімаваць, абы пасцель мяккая.
З колам (калом) у горла (глотку) не ўлезеш. Крыкуна, нахабніка нельга пераканаць у чым-небудзь. Такей гарлапан, што ты к яму з колам у горла не ўлезеш. К Сазанёнку з калом у горла не ўлезеце, яму нічога не дакажаце. І к Петрачонку з колам у глотку не ўлезеш, ён цябе дайжа слухаць не стане.
94 👁