РАСКАЛЬ – наз., р. -я, мужч. р. Зношаны (спаханы) венік; параўн.: розга. Ётыя тваё ногі кап хіба якім раскалём вышараваў. Старыя Дарогі, Горкі. (І. Л.). Параўн.: гальнік, галень, разгач, разкач.
РАСЧВАЛІЦЬ – дзеясл., законч. тр., пераходны. Разрэзаць (нагу, руку, прычым – глыбока). Наскочыў на сакеру, то ўсю пяту рашчваліў. Параўн.: адчваліць (аччваліць) – адрэзаць (вялікі кавалак). Глускі р., Клетнае.
РОБІЦЬ – рабіць. Роблю, робіш, зробіш, зробілі; зароблю, заробіш, заробіў, заробілі. Леп. р., Вашкава.
РОЗВІНЫ – наз., толькі ў множн. л. Параўн.: развінуць (разгарнуць, развесці, раскласці). Я ўсяго адны розьвіны (канюшыны) прынёс. Сенн. р., Падворыца. (Л. Д.).
РОЗНА – прысл. 1. Параўн.: у літаратурнай мове кніжнае па-рознаму. У нас розно ловяць рыбу, хто волакам, хто неротамі, хто ў сець, хто ў крыгу. Бабр. р., Халопічы. Руозно гадалі людзі. Лях. р., Чудзін. (А. Сержпутоўскі, 1926, стар. 45). 2. У розныя бакі (калі кажуць пра тое, што хтосьці раскідаў якіясьці прадметы). Параскідаў падушачкі розно. Глускі р., Клетнае.
РОЙЛА – наз., р. -а, ніякі р. Беспарадак, бязладдзе (пра раскіданыя, у бязладдзі рэчы). Ні зайсьці, ўсюды ройла нарабілі. Ні пасьцель, а ройла. Мсціслаў. Ройла – ад рыць; параўн.: рыла, роў.
РОЙЛАМ – прысл. У бязладдзі, у беспарадку (пра рэчы). А ў іх усё ройлам. Мсціслаў. Параўн.: роілам – в беспорядке. (М. Гарэцкі. Невялікі беларуска-маскоўскі слоўнік, 1921, стар. 203).
РУДАК – наз., р. -а, мужч. р. Так называюць пустую, без зярнят грэчку. Дзе тая грэчка? Скрось рудак і рудак. Мядз. р., Купа. Рудак – ад колеру пустой, без зярнят грэчкі.
РУКАЎКА – наз., р. -і, жан. р. Рукавіца. Без рукавак рукі стынуць. Чэр. р., Пагулянка.
САГАН – наз., р. -а, мужч. р. Чыгун, у якім вараць страву. Вазьмі мыдла ды памыйся, а то чорны, як саган. Ашм. р., Гальшаны. (М. П.).
САМАЛЮБЕЦ – наз., р. -бц-а, мужч. р. Эгаіст. Такі самалюбец не кіне за сабою, – ён усё каб сабе, каб яму! Глускі р., Вольніца.
СВЯТДЗЕНЬ (СЬВЯДЗЬДЗЕНЬ) – наз., р. -я, мужч. р. Святы дзень. Хіба ў сьвядзьдзень схаджу, пераведаюся. Хоць бы ты пярамяніўся, а то ў сьвядзьдзень і ў будзьдзень ходзіш у адным. Кап. р., Русакі. (Н. Д.). Буддзень (будзьдзень) – з будзённы дзень.
СІТАВЫ – прыметн., -ая, -ае, -ыя. Такі, які нагадвае сіта (пра тканіну). На ручнік такая сітавая ці добра? Вал. р., Ракаў. Рукавы сітавые на локцях. Глускі р., Клетнае.
СКАЛОЦІНЫ – наз., адз. л. няма. Маслёнка. Параўн. (у руск. пахта). Я скалоціны выліваю парсюку. Сенн. р., Падворыца. (Л. Д.).
92 👁