пасадзіць на покуці (на куце) значыла наогул выказаць пашану і павагу.
Задаволенасць або незадаволенасць чалавека жыццём залежыць перш за ўсё ад таго, які ён сам, як ставіцца да жыцця.
Гаворыцца (часцей з неадабрэннем або з іроніяй), калі каго-н. не задавальняе яго становішча ў жыцці.
Ні той спагады, ні парады, ані шаны... Хіба што прыказка і суцяшала: — Добраму чалавечку добра і ў запечку, а якой благаце дрэнна й на куце... (Р. Барадулін. Мама). [Сымонка (робіць выгляд, быццам не можа ўтрымацца на нагах, і валіцца ў самую гушчу дзяўчат):] — Добраму чалавечку добра і ў запечку! (В. Вольскі. Машэка).
Адпав. у руск.: ХОРОШЕМУ ВСЮДУ (везде) ХОРОШО.
ДОБРЫ ЧАЛАВЕК ПАБАІЦЦА І КІВА, А БЛАГІ НЕ БАІЦЦА І КІЯ
Кіў, ківа, м. Разм.— Тое, што і ківок, м.
Кій, -я, м.— Тут: усякая прамая тонкая палка. Кіем у беларускіх вёсках звычайна паганяюць буйную рагатую жывёлу.
Добры, благі — гл. ДОБРАМУ ЧАЛАВЕЧКУ ДОБРА І Ў ЗАПЕЧКУ <, А ЯКОЙ БЛАГАЦЕ ДРЭННА І НА КУЦЕ>.
Для аднаго чалавека дастаткова ўбачыць, што ім нехта не задаволены, а другі не ўспрымае нават і пагрозы пакарання за свае ўчынкі.
Гаворыцца (часцей з неадабрэннем), калі неабходна даць ацэнку чыіх-н. паводзін (звычайна благіх).
Старыя людзі гавораць: "Добры чалавек пабаіцца і ківа, а благі не баіцца і кія". Наша агульная задача — выхаваць дзяцей добрымі людзьмі (Р. Барадулін. Варголы для дасціпнай Ланы).
72 👁