БЕЗ НАВУК, ЯК БЕЗ РУК
Навука, -і, ж., па-за прык. толькі адз.— Тут: навыкі, веды, якія чалавек атрымлівае ў выніку свайго навучання або жыццёвага вопыту.
Як без рук б е з к а г о, ч а г о. Вык. Разм.— Зусім бездапаможны.
Для беларускага селяніна навучыцца таму ці іншаму рамяству раней азначала не толькі атрымаць дадатковы даход, палепшыць свой дабрабыт, але і забяспечыць сабе трывалае становішча ў жыцці. На Беларусі ў розныя часы і ў розных формах існавалі так званыя "народныя школы", дзе сялянскія дзеці вучыліся не толькі чытаць, пісаць і лічыць, але і "хітрасцям" пэўнага рамяства. Асноўнымі формамі народных школ былі часовыя школы, якія стваралі майстры-вандроўнікі (шапавалы, краўцы, бандары і інш.), і пастаянныя, што ствараліся па пастанове агульнага сходу сельскай грамады.
Калі нічому не вучыцца, дык ні на што і здольным не быць.
Гаворыцца, калі хто-н. не зважае на тую карысць, якую мае набыццё ведаў як у асобнай справе, так і ў жыцці наогул; або калі хто-н. не жадае вучыцца, гультайнічае.
— Чаго ты махаеш? — здзівіўся Антон Быліч.— Гэта патрабуе працы з дня ў дзень у розным тэмпе, а не тады, калі, як гаворыцца, цябе муха ўкусіць... Адстаў ты, Кастусь! Яшчэ перад вайной казаў і цяпер дзяўбу. Ты хоць майстар, вядома, але без вучобы — ні кроку. Без навук, як без рук! А ты... (І. Грамовіч. Іду з табой, Масква).
Адпав. у руск.: НЕ УЧАСЬ И ЛАПТЯ НЕ СПЛЕТЁШЬ; С ГРАМОТОЙ ВСКАЧЬ, А БЕЗ ГРАМОТЫ ХОТЬ ПЛАЧЬ; УЧЕНЬЕ — ПУТЬ К УМЕНЬЮ; ЧЕМ БОЛЬШЕ НАУКИ, ТЕМ ЛОВЧЕЕ РУКИ.
П а р а ў н.: ВУЧЫСЯ, НЯБОЖА, ВУЧЭННЕ ПАМОЖА (Я. Купала).
83 👁