Старонка 42
◀ / 266 ▶
затанцуе: Няпраўда — згіне племя злое! — Калі ж та будзе свята тое? Хіба, як возьме нас магіла? Не наша, браце, а іх сіла!.. Адно, брат, тут: старацца трэба Прыдбаць сваю скарынку хлеба, Бо людзі кажуць: "Хлеб служачы Не надта добры хлеб,— сабачы!" (Я. Колас. Новая зямля). Герасім падышоў да газовачкі, якая стаяла на прыпечку, і падкруціў крыху кнот.— Нясоладка жыць у чужых людзей, мусіць? Дома лепш? — Дзіва што,— адказала за мяне Герасімава жонка цётка Надзя.— Ты ж некалі сам у пастухі наймаўся. Помніш? — Помню,— прыцмокнуў Герасім.— Усё помню. Не дарэмна кажуць: "Батрачы хлеб — сабачы" (А. Якімовіч. Канец сервітуту). Адпав. у руск.: СЛУЖБА ДА НУЖА — НЕТ ИХ ХУЖЕ (Уст.); ТОТ НЕ ТУЖИТ, КТО НИКОМУ НЕ СЛУЖИТ. БАЧАННЕМ НЕ ЗЛОВІШ ЖУРАЎЛЯ Журавель (жораў) — вялікая і прыгожая птушка з доўгімі нагамі і шыяй, з доўгай прамой дзюбай. Даўжыня цела жураўля звыш аднаго метра, а размах крылаў дасягае двух метраў. У жураўля ад вачэй, па баках галавы, на спіну ідзе белая паласа; на задняй частцы цемя, у патыліцы, чырвоная пляма. Жураўлі — пералётныя птушкі, прылятаюць на Беларусь у канцы сакавіка, а адлятаюць у вырай у жніўні і верасні. Гэта рэдкая гнездавальная птушка. Найчасцей трапляецца на Палессі і ў Паазер'і. Насяляе звычайна глухія вярховыя і нізінныя балоты. Колькасць жураўлёў у прыродзе невялікая, таму ўбачыць іх можна вельмі рэдка. З вобразам жураўля ў народзе звязваюцца ўяўленні аб шчасці, удачы, шанцаванні. Злавіць жураўля. Ужыв. у прык.— Дасягнуць жадання, мэты. Адным жаданнем ці марай мэты не дасягнуць. Гаворыцца, калі хто-н. не прыкладае належных намаганняў, каб дабіцца таго, што задумаў або павінен зрабіць.
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
79 👁
◀ / 266 ▶