ПАПРАЎ КАЗЕ ХВОСТ
Паправіць, зак.— Тут што: прывесці да належнага выгляду.
У параўнанні з іншай свойскай жывёлай каза ў беларускай вёсцы не вельмі распаўсюджана. Раней яна лічылася "бядняцкай каровай", была адзнакай крайняй беднасці. Менавіта таму ў шматлікіх беларускіх прыказках і прымаўках, дзе згадваецца каза, яўна праглядвае іронія (Параўн.: ПАСПЕЕШ З КОЗАМІ НА ТОРГ; ПРЫЙДЗЕ КОЗА ДА ВОЗА).
Параўн. з фразеал. "папраў казе хвост". Выкл. Праст. — Не ўмешвайся не ў сваю справу, не папраўляй.
Не вучы таго, хто ведае больш за цябе.
Гаворыцца (часцей з неадабрэннем або з іроніяй), калі хто-н. умешваецца не ў сваю справу, навязвае каму-н. сваю волю, пачынае павучаць каго-н. (звычайна там, дзе гэта не патрэбна, або старэйшага за сябе).
— Вось вы тут кажаце — калгас, абагульненне жывёлы, каб, значыцца, нічыё, калектыўна, ну, значыць, гуртам.. леканструкцыя сельскай гаспадаркі..— Рэканструкцыя,— паправіў бацьку Мікіта.— Папраў казе хвост! Што ты не даеш мне слова сказаць (Я. Колас. Адшчапенец). Назаўтра ўся вёска трубіла на тысячы галасоў: вяселле, вяселле, вяселле... Брыгадзірава Маня, як верталёт, сігала па вёсцы і крычала: — А мілыя мае, гэта ж за Васіля, за такога красаўца, за генералавага сына... А маці яго, казалі, кандыдат у дэпутаты.— Кандыдат навук...— паправіў яе Вася Казакоў.— Папраў казе хвост...— адказала Маня і працягвала: — А божухна, ніхто й не ведаў! (В. Дайліда. Буслы над вёскай).
Адпав. у руск.: НЕ УЧИ ПЛАВАТЬ ЩУКУ, ЗНАЕТ ЩУКА СВОЮ НАУКУ; НЕ УЧИ ПЛЯСАТЬ, Я И САМ СКОМОРОХ; НЕ УЧИ РЫБУ ПЛАВАТЬ, А СОБАКУ ЛАЯТЬ.
77 👁