Зярнянка (Cystoderma) — па зярністай паверхні грыба; у лаціне ад cysto — гранула (пухірык) і derma — скура.
Казарожка (Ramaria, Clavulina, Clavariadelphus) — народная назва, па форме пладовага цела; у лаціне ад ramarius — дрэўныя галінкі, clavus — галоўкавы, булаваты.
Капуснік-сядун (Sparassis) — народная назва, ад падабенства да кветкавай капусты і месца росту каля пнёў; у лаціне ад sparasso (з грэч.) — расшчэплены.
Капытнік (Paxillus) — па падабенстве шапачкі з моцна падкручаным беражком да капыта; у лаціне ад paxillus — калочак, тычынка (магчыма, па форме зародка пладовага цела).
Каранёвец (Rhizopogon) — па наяўнасці шнуроў (каранёў) на паверхні грыба; у лаціне ад rhizo — корань і pogon — барада.
Келіхаўка (Lepista) — па келіхаватай форме спелай шапачкі; у лаціне ад lepista — келіх.
Кілішак (Cyathus) — ад гнездаватай формы грыба; у лаціне ад cyathus — кілішак.
Колцавік (Rozites) — па наяўнасці колца на ножцы; у лаціне імя ў гонар міколага Роўза.
Красулька (Calocybe) — народная назва; у лаціне ад calo — прыгожая і cybe — галоўка.
Крохленка (Psathyrella) — па адметнай крохкасці шапачкі; у лаціне ад psathyros — крохкі.
Круглакіправік, палявік (Gyroporus) — па круглай форме кіпраў; сінонім — народны; у лаціне ад gyros — круглы і porus — кіпра (адтуліна трубачкі).
Крушняк (Lyophyllum) — народная назва, ад плоданашэння вялікімі купамі, крушнямі (зросткамі); у лаціне ад lyo — адшчапляць і phyllon — пласток.
Лакавіца (Laccaria) — калька з лаціны: ад lacca — лак.
Лейкавіца (Clitocybe) — па лейкаватай форме шапачкі ў даспелых грыбоў; у лаціне ад clito — пахілая і cybe — галоўка.
Ліпчак (Chroogomphus) — па слізістай ліпкай шапачцы; у лаціне ад chroo — рыжы і gomphus — клінок, цвік.
Лісічка (Cantharellus) — народная назва; у лаціне ад cantharus — кубак для віна.
Лускаватка (Pholiota) — па лусковай паверхні грыбоў; у лаціне ад pholio — лускавіна.
Лускоўніца (Lepiota) — па наяўнасці густога лускавіння на шапачцы; у лаціне ад lepis — лускавіна.
Макрэц (Gomphidius) — па наяўнасці слізістага покрыва; у лаціне ад gomphus — клінок, цвік (відаць, па форме маладых грыбоў, з вузенькай шапачкай на развітай ножцы).
75 👁