Вожычнік (Hydnum, Hericium, Sarcodon) — народная назва, ад дзідаватай формы зерленоснага слою пад шапачкай; у лаціне ад sarco — мясісты (іншыя назвы не знойдзеныя).
Вужовік (Amanitopsis) — народная назва, пашыраная для нястраўных грыбоў; у лаціне ад падабенства (-opsis) да грыбоў роду Amanita — мухамора.
Вужоўка-апенька, -імшанка (Hypholoma) — народныя назвы, ад месца росту на пянёўі ды па моху, па нястраўнасці; у лаціне ад hyphes — ніткі, валаконне, і -loma — беражок, ліштва.
Вушка (Otidea) — ад формы пладовага цела; у лаціне ад oto — вуха.
Гаёвік-абабак, -асавік (Leccinum) — народныя назвы, ад месца росту па светлых, негустых лясах пры асінах (асавік) або бярозах (абабак, таксама па мяккай мякаці); у лаціне ад Лекцынума — мясцовасці ў Італіі, адкуль апісаны ўпершыню гэтыя грыбы.
Галавач (Calvatia) — народная назва, ад круглявай формы і буйных памераў; у лаціне ад calvus — голы, лысы.
Гаркун (Tylopilus) — народная назва, ад гаркаты мякаці; у лаціне ад tylo — гуз і pileus — шапачка.
Гладун (Clitopilus) — ад гладкай паверхні шапачкі; у лаціне ад clitos — пахілы і pileus — шапачка.
Глузд (Gyromitra) — народная назва, ад звілістай мазгаватай паверхні шапачкі; у лаціне ад gyrosus — са звілінамі нібы мазгавымі.
Глызнік-баравік, -добрык (Boletus) — ад масіўнасці шапачкі і клубняватай тоўстай ножкі; у лаціне ад грэчаскага βωλος (bolos) — глыза, глыж, камяк. Сінонімы народныя, ад месца росту і магчымасці спажываць.
Гнаявік (Coprinus) — народная назва, ад месца росту на гнаі; у лаціне ад copros — гной.
Губа (Scutiger, Polypilus, Laetiporus) — агульная ўсходнеславянская назва пераважна надрэўных грыбоў; у лаціне ад scutum — шчыток, poly — шмат, pileus — шапачка, laetus — яркі і porus — кіпра (адтуліна трубачкі).
Дрэўнавушка (Pleurotus) — па форме шапачкі і месцы росту на драўніне; у лаціне ад pleuro — бок і oto — вуха.
Дугапластовец (Camarophyllus) — па гнутай форме пласткоў; у лаціне ад camaro — дуга і phyllos — пласток.
Жывунец (Marasmius) — па здольнасці высахлых грыбоў ажываць пасля дажджу; у лаціне ад marasmos — ссыхацца.
Землязорка (Geastrum) — ад зоркавай формы спелых пладовых целаў; у лаціне ад geo — земляны і astero — зорка.
Зімніца (Flammulina) — па плоданашэніі ў зімовы час; у лаціне ад яркай (flamma — полымя) афарбоўкі шапачкі.
Зорачнік (Mycenastrum) — па зоркаватай форме спелага пладовага цела; у лаціне ад myces — грыб і astero — зорка.
74 👁