Старонка 36
◀ / 440 ▶
Беларуская мікалагічная наменклатура і тэрміналогія З аналізу народнай грыбной наменклатуры і лінгвагеаграфічных матэрыялаў На тэрыторыі Беларусі расце мноства відаў грыбоў, шмат якія з іх гістарычна маюць свае назвы. Каля дзвюх з паловай тысяч найменняў сабрана намі на тэрыторыі Беларусі. Для параўнання распісаны ўсе даступныя друкаваныя і рукапісныя крыніцы, у якіх сустракаюцца мясцовыя назвы грыбоў, а таксама сабраны назвы з тэрыторый сумежных рэспублік. Аналіз паказвае, што на тэрыторыі Беларусі ёсць і лакальныя сістэмы мясцовых найменняў грыбоў. Ад узаемадзеяння іх (сістэм цэлых зон, асобных мясцовасцяў) утварыліся сінанімічныя рады назваў грыбоў. У розныя часы гэтаму спрыяла міграцыя, рухомасць насельніцтва, эканамічныя фактары, а таксама субстытуцыя польская і руская, у паграніччы — украінская і літоўская, латышская. Да гэтага часу захаваліся традыцыйныя зоны, мікраарэалы пашырэння назваў. Аналіз сведчыць аб вялікай сталасці мясцовых назваў, традыцый, ранейшых уяўленняў аб грыбах, фактараў мясцовай і немясцовай культуры, гісторыі народа. Калісьці на Беларусі, як і ў іншых славян, грыбы называліся губы, губякі, а у XV–XVI стст. — губы і грыбы, пазней — толькі грыбы (Васильков, 1966). Назва губа захавалася ў нас у паўднёва-заходніх гаворках як рэшта, а ў паўднёвых славян яна пануе і зараз. У паўночнаўсходніх беларускіх гаворках назвы губа, губель, губяк таксама захавалі гэтае значэнне, але ў пасіўным запасе; яны часта асацыіруюцца з трутавіком. Паводле народнай класіфікацыі, грыбы падзяляюцца на страўныя, якія можна ўжываць у ежу, атрутныя, якімі можна атруціцца, і шкодныя, якія псуюць расліны, драўніну, будынкі і г. д. У якасці агульнай назвы страўных грыбоў, апрача грыб і губа, можа выступаць любая назва страўных у гэтай мясцовасці грыбоў пры станоўчай характарыстыцы (і назвы атрутных грыбоў пры адмоўнай характарыстыцы), напрыклад: набрала абабкаў (г. зн. усялякіх грыбоў і баравікоў), казлоў, махавікоў, сыравежак; хадзіла ў мухаморы, вужоўкі, г. зн. брала ўсе). На поўдні
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
78 👁
◀ / 440 ▶