Няхай за нас мужыкі паб'юцца, Рыжыкі.
Адказалі і Грузды: — Мы не дурныя дразды,
Без круп, без солі ісці і трасцу ні з чым есці.
Адважыўся Мухамор, ды загінуў жа, як камар,
Ляжыш, грыбе, без духа, што парваўся
(усхапіўся, узняўся), як муха.
У XIX ст. у Падляссі Чыжоўскім і Нова-Бярозаўскім прыходах (цяпер Астравецкі р-н Гродзенскай вобл.) запісана песня маці аб сыне, які ідзе ў салдаты. У гэтай песні дзейныя асобы «грыб-баравік... усім грыбам палкаўнік», «рыжычкі-мужычкі», «ваўнушкі... старушкі», «мухаморы... сенаторы» (Крестоновский, 1876).
З тым жа ваенным матывам запісаны вусны верш в в. Вялікі Азярэцк Сенненскага р-на Віцебскай вобл. (1987).
Цар грыбны Баравік
Надумаў ваяваць.
— І вось, Суравежы, ідзіце ваяваць!
— А няма зімняе адзежы.
Адазваліся Варушкі:
— Мы ж тожа старушкі.
Адазваліся Апёнкі:
— У нас ногі тонкі.
Адазваліся Лісічкі:
— Мы Лісічкі-маладзічкі,
— Не пойдзем на вайну.
Не адказаліся Грузды:
— Мы рабяты дружны.
— Мы пайдзём на вайну.
— І ўсіх ворагаў паб'ём!
Цар грыбны Баравік
Ёсь над грыбамі палкаўнік!
Метафарычна выступаюць персанажы-грыбы ў вясельных песнях, прыпеўках:
Баравік жэніцца ды Бялянку бярэ,
А старога грыба ды за свата бярэ.
А Бялянка грыбу ды загану дае:
А, грыбе, грыбе, твая шапка крыва,
Твая шапка крыва, ножка чарвіва.
(Матэрыялы Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы, в. Хвашчаўка Магілёўскага р-на, 1955.)
85 👁