А сябра А. Міцкевіча, вядомы тагачасны паэт Ян Чачот уславіў лісічку:
"Лісічка, жоўты грыбок,
Слімакоў не баіцца;
Не точыць яго чарвячок,
Ён у лесе здароў блішчыцца"
(Паэма-віншаванне "Яжовыя", 1819.)
Ёсць і іншыя звароты да грыбной тэмы, але ў вуснай народнай творчасці грыбы адлюстраваліся найбольш поўна: тут і трапныя прыкметы, сакавітыя, выразныя прыказкі і прымаўкі, вясёлыя, з добрым гумарам, лагодныя жарты, цікавыя параўнанні. Склалася цэлая народная тэрміналогія, якая характарызуе асаблівасці грыбоў, — час і месца з'яўлення пладовых цел, іх афарбоўку, велічыню, форму і да т. п. Назіранні грыбаўнікоў у асноўным адлюстраваліся ў мясцовых, народных назвах (гл. «Агульны спіс грыбоў»). У дадатак да іх прыводзім некаторыя выказванні аб грыбах, якія яшчэ раз сведчаць аб асаблівым, паважлівым стаўленні нашых людзей да гэтага цудоўнага і шчодрага дару прыроды.
Большасць запісаў зроблена І. Я. Яшкіным; частка ўзята са «Слоўнікаў» і іншых літаратурных крыніц (Мяцельская, Камароўскі, 1979; Рапановіч, 1958; Federowski, 1935; Юрчанка, 1977; Никифоровский, 1895; Янкоўскі, 1960 і інш.).
Песенны фальклор
Назвы грыбоў, іх якасці, характарыстыкі выкарыстоўваліся ў XVIII, XIX і XX стст. у вершах, пародыях, алегорыях. Так, калі ў XVIII ст. шляхта губляла сваю ваяўнічасць, перакладала вайсковыя абавязкі на прыгонных сялян, з'явіўся верш «Ваенны паход грыбоў». Яго напісаў выкладчык слуцкай калегіі Дамінік Рудніцкі (1676–1739)*.
Расказаў (загадаў) князь Баравік, седзячы пад сасною,
Усім грыбам ісці на вайну, усім ісці да бою.
Адказаў яму Казляк: — Я хоць добры юнак,
Ды самапала не маю, застануся ў гаю.
Адказалі Апенькі: — Мы грыбы слабенькі,
Мы ў полі не зраслі, ды пры дзераве скіслі.
Адказалі ім Рышкі: — Мы не баравыя шышкі,
Нашто ж нам шышак насіці, калі не умеемося біці?
Адказалі Лісічкі: — Не хочам той патычкі (бойкі),
Ідзі ты сам, Баравіку, стань за нас у шыку (строю).
Адказалі Пячары: — Не смакуюць нам ваенныя мары.
* Тут і далей у дужках — тлумачэнні А. І. Мальдзіса (1976), які падрыхтаваў .верш да друку. Назвы грыбоў транслітараваны з лацініцы на кірыліцу.
87 👁