Вохраны (колер) — вельмі светлы рудзявы з жаўтлявым адценнем.
Вохрысты (колер) — тое самае, але адценне больш цьмянае, бруднажаўтлявае; колер не такі зыркі, як папярэдні.
Галарктычныя віды — грыбы, пашыраныя ў Паўночным паўшар'і ў лясах (лясны субэлемент) і па-за лясамі (уласнагаларктычны субэлемент).
Галюцынагены (псілацын, псілацыбін ды інш.) — рэчывы з шэрагу грыбоў (пераважна паўднёва-амерыканскіх перавяслаўкавых і гнаевіковых), якія выклікаюць галюцынацыі, часам вельмі яркія праявы.
Геаграфічны элемент — група відаў з падобнымі арэаламі.
Генафонд — сукупнасць відаў, якая выявіла свае прыкметы ў наяўнасці і ў спадчынных магчымасцях.
Гетэратрофы — бесхларафільныя арганізмы, здольныя існаваць толькі за кошт гатовага арганічнага рэчыва ў розных субстратах.
Гіграфаннасць — здольнасць грыбоў з волкай мякаццю змяняць афарбоўку ад страты вільгаці.
Гіменафор — вырасты на ніжняй паверхні шапачкі, пакрытыя гіменіем, — пласткі, трубачкі, фальбонкі, дзідачкі і г. д.; у шапачкавых грыбоў гіменафор толькі пластковы, зрэдку трубачкавы.
Гіменій — слой зерляносных (базідый з зярліцамі) і стэрыльных клетак — базідыёлаў, цыстыдаў і цыстыдыёлаў на паверхні гіменафору ў базідыяльных макраміцэтаў.
Гіфы — мікраскапічна тонкія далікатныя ніткі, з якіх складаецца грыбня (міцэлій). Адрозніваюць гіфы аднаклеткавыя, без перагародак (у ніжэйшых грыбоў) і шматклеткавыя, з перагародкамі (у вышэйшых грыбоў).
Глінавы (колер) — светла-жоўта-вохраны з лёгкім брудна-рудым або брудна-чырвоным адценнем.
Грыбная клятчатка — асноўная частка складу клеткавай абалонкі грыбоў. Утрымлівае фунгін, таму засвойваецца з цяжкасцю; гэта значна зніжае пажыўную каштоўнасць грыбоў.
Грыбны каптурок — шчыльнае спляценне з гіфаў на паверхні дробных карэньчыкаў у эктатрофнай (вонкавай) ці эктаэндатрофнай (мяшанай) мікарызе, уласцівай шапачкавым грыбам.
Грыбня (міцэлій) — вегетатыўнае цела грыба, складзенае з гіфаў. У шапачкавых грыбоў грыбня шматгадовая, шматклеткавая. Яна ажыццяўляе рост, размнажэнне, рассяленне, жыўленне грыбоў.
Грыбовішча (нёруш) — мясціна, дзе штогод родзіцца багата грыбоў.
Гумус (перагной) — ніжні гарызонт ляснога подсцілу, у якім завяршаецца разбурэнне складаных лігна-цэлюлозных злучэнняў з раслінных рэшткаў і назапашваюцца гумінавыя кіслоты, што робяць глебу ўрадліваю.
74 👁