Асмужанасць — наяўнасць на паверхні пладовага цела рэшткаў покрыва ў выглядзе смугі — мучністасці, камякаватасці, машастовасці ды інш., прыкметных у спелых грыбоў на шапачцы, найчасцей на верхняй частцы ножкі. Аўтатрофы — зялёныя расліны, здольныя да фотасінтэзу (утварэння арганічных рэчываў з вуглякіслага газу i вады на сонечным святле). Аўтоліз— самарасчыненне, самазасваенне тканак пад уздзеяннем уласных ферментаў (расплывание ў вадкія кроплі пласткоў ды мякаці ў некаторых гнаевікоў, благуноў). Базідыёлы — бясплодныя клеткі гіменію, падобныя да базідый. Базідыёма, базідыякарп — пладовае цела базідыяльнага грыба. Базідыя (падстаўка) — асноўны орган полавага зерлявання ў вышэйшых грыбоў класа Базідыяміцэты (базідыяльныя грыбы). У шапачкавых грыбоў яна аднаклеткавая, прастакутная, унізе крыху звужаная, з 2-4 тонкімі трубачкавымі атожылкамі на верхавінцы (стэрыгмамі), на якіх узнікаюць зярліцы. Базідыяльныя грыбы, базідыяміцэты — клас вышэйшых грыбоў з базідыяй у якасці асноўнага органа полавага зерлявання. Балетол — антыбіётык з баравіка ды іншых трубачкавых грыбоў. Барэяльныя віды — грыбы, пашыраныя ў ігліцавых, часам i ў мяшаных лясах мернае зоны Паўночнага паўшар'я. Біёта — жывое насельніцтва цэноза, іншай часткі Зямлі. Бістравы (колер) — руды з цынамонавым адценнем. Біягеацэноз (экасістэма) — частка біясферы з пэўным кантынгентам жывых істот i абіятычных фактараў. Біятрофы (паразіты) — грыбы, што жывуць на жывых дрэвах або кустах (апенька восеньская, некаторыя лускаваткі, дрэўнавушкі, грыбаўка, махавік паразітны). Біятычныя фактары — жыццёвыя формы (жывёлы, расліны, грыбы i г. д.), якія насяляюць пэўнае супольніцтва, экасістэму. Блакітнявы (колер) — светла-блакітны. Брудна-жаўтлявы (колер) —светла-жоўты з лёгкім сівым адценнем. Бурачковы (колер) — цёмна-чырвона-пурпуровы. Бурштынавы (колер) — вохрана-жоўты, светла-жаўтлявы ці светлацынамонава-жоўты; тое, што «янтарный». Буфатэнін — рэчыва, здольнае актыўна ўплываць на псіхіку. Знойдзена шмат у якіх мухамораў. Бэзавы (колер) — камбінацыя ружовага i светла-фіялетавага ці светлалілёвага колераў; тое, што «сиреневый». Бялявы (колер) — сыроваткава-белы, вадзяністы. Відавы дыягназ — апісанне спецыфічных прыкметаў віда
Дадатковыя словы
паўшаря
0 👁