Бульба, фаршыраваная грыбамі Пачышчаныя i звараныя баравікі (свежыя альбо сушаныя) дробна пакрышыць, дадаць лыжку масла, трохі цёртай булкі, два жаўткі i адно яйка цалкам, усё добра перамяшаць. Абабраную i вымытую сырую бульбу абрэзаць зверху, выразаць дупло, накласці ў яго фаршу, прыкрыць абрэзаным верхам i паставіць у рандэліку бульбіна пры бульбіне. Заліць кватэркай распушчанага масла (можна i больш, у залежнасці ад таго, колькі бульбы), некалькімі лыжкамі булёну, змешанага з грыбным адварам, накрыць i тушыць да мяккасці. Бульбяная каша з грыбамі Спараную бульбу расцерці таўкачом. Убіць па адным, расціраючы, тры альбо чатыры яйкі, уліць трохі растопленага масла, пару лыжак смятаны, пасаліць, перамяшаць. Пакласці ў форму, намазаную маслам i абсыпаную сухарамі, трохі гэтай кашы, на яе — звараныя, дробна пасечаныя i падсмажаныя з цыбуляй на масле грыбы, а на заканчэнне — кашу, абліць яе маслам i паставіць у печ. Перад падаваннем паліць грыбным соусам. Рыжыкі, марынаваныя да гарэлкі Маладыя свежыя рыжыкі добра выцерці палатном. Наліць на вышыню пальца алею ў слоік (трэба браць квартавы слоік). Дробна стаўчы тры часткі солі i дадаць адну частку перцу. Пакласці на алей рад рыжыкаў, пасыпаць соллю з перцам, потым зноў пакласці рад рыжыкаў i зноў пасыпаць. Так рабіць, шчыльна націскаючы грыбы, аж пакуль слоік не запоўніцца. Потым націснуць каменем, a калі грыбы ўлягуцца, трэба дакласці яшчэ, потым закрыць кружком паперы, завязаць i паставіць у склеп
1 👁