Намачыць на некалькі гадзін сушаныя баравікі, асавікі, махавікі i іншыя грыбы. Перамыць, парэзаць i паставіць варыць. Паварыўшы, пасаліць, укрышыць цыбуліну, дадаць кіслі з дзежкі (хлебнага квасу ад хлебнай закваскі). Падкалаціць пшанічнай ці аржаной мукой. Як толькі закіпіць, адставіць на цёплае месца ў печы (ст. Прыяміна Барысаўскага р-на — Чабярук А. I.). Поліўку гатавалі i без квасу (в. Даўгінава Вілейскага р-на — Варановіч А. Ю.). Поліўка з сухапаркай Любыя сушаныя неразмочаныя грыбы пакласці ў кіпень, усыпаць на смак кмену i солі, паставіць варыць. Пазней дадаць часнок, цыбулю, лаўровы ліст, перац (даўней апошнія дзве спецыі клалі не заўсёды, бо іх не было). Паварыць. Перад гэтым з жытняй мукі зрабіць рэдкае цеста, якое паставіць на ноч у печ за сценку, каб крышку ўкісла ці ўсаладжала за засланкай. Раніцай цеста ўліваць у чугун i адначасова размешваць лыжкай, каб не было камякоў (i каб жыжка была ад рэдкага цеста «касмацінькая, ні халастая»). Потым поліўку заскварыць дробна пакрышаным салам з цыбуляй, ад кумпяка накрышыць мяса. Можна пакласці смятану. Звараную поліўку падаваць з сухапаркай (свежай адваранай бульбай) (в. Торбінка Сенненскага р-на — Крысько E. A., Крысько M. I.). Поліўка з «пеўнем» (курыным мясам) Поліўка з «пеўнем» гатуецца, як поліўка з салам або мясам ад кумпяка, толькі замест яго кладуць кавалак курынага мяса. Падаюць з хлебам (в. Торбінка Сенненскага р-на — Маркевіч Г. I.). Посная поліўка з грыбамі Развесці вадой на смак хлебны квас, капусную жыжку або бурачны расол, уліць у чыгунок. Пакласці туды папярэдне замочаныя сушаныя грыбы, пасаліць i гатаваць на лёгкім агні. У канцы гатавання дадаць пакрышаную цыбулю, перац-гарошак. Падаваць з адваранай бульбай ці хлебам. Калі поліўка згатавана на капусным ці бурачным расоле, можна падбіць мучной (аржаной ці пшанічнай) подкалаткай (в. Навасёлкі Мядзельскага р-на — Скурко H. E.). Мачанка з грыбамі Сушаныя грыбы добра перамыць, на ноч або на 3-4 гадзіны заліць цёплым малаком (ад гэтага яны стануць амаль светлыя). Грыбы дробна нарэзаць, пакласці ў чыгунок i паставіць варыць. Падрыхтаваць рэдкую мучную жыжку (2-4 ст л. мукі раскалаціць да стану густой смятаны
2 👁