на патэльні, скласці ў каструлю i паставіць тушыць у печ ці духоўку (в. Ніжняя Тошчыца Быхаўскага р-на — Каўбасава H. Ц.). Грыбная поліўка 1. Узяць чорныя сухары свайго печыва (штук 10), заліць кіпенем, даць пастаяць сутак двое, каб утварыўся квас. Замачыць грыбы (8-10 баравікоў), зварыць, парэзаць саломкай. У алеі падсмажыць да залацістага колеру цыбулю, моркву i грыбы. Укласці усё ў грыбны адвар, на смак пасаліць i крыху паварыць. Потым уліць адцэжаны хлебны квас. Муку (некалькі лыжак) размяшаць у цеплаватай вадзе, уліць у поліўку i яшчэ крыху паварыць. Падаваць з хлебам, адваранай бульбай. Можна дадаць здробненае зяленіва (в. Заазер'е Вілейскага р-на — Пакладок А. Ф., Лявончык H. M.). 2. Поліўку можна гатаваць i з іншых свежых грыбоў — абабкаў, асавікоў, махавікоў, a таксама з грыбной сумесі. Грыбы перабраць ад смецця, пакрышыць, перамыць, адварыць або апарыць, ваду зліць. Зноў уліць у пасудзіну вады, прыправіць соллю i варыць. Паварыўшы крыху, дадаць цыбуліну, перац (молаты ці гарошак), лаўровы ліст, свежую мучную калатушку, прыгатаваную ў асобнай пасудзіне, каб не было камячкоў, уліць воцату на смак. Лепш дадаць квашаны мучны раскалочаны кулеш, які гатуецца з жытняй ці пшанічнай мукі на ноч i ставіцца ў паленую днём печ за засланку, за бок сценкі ў печы. Сумесь паварыць. Пажадана, каб поліўка была рэдкаватая, не густая. Смятану класці на стале (в. Карпавічы Сенненскага р-на — Рэўчанка X. I.). 3.3 вечара ўчыняецца рэдкая рошчына з жытняй мукі на цёплай вадзе ў невялічкай дзежачцы, якая ставіцца ў цёплае месца (звычайна на «лянуху» — выступ печы, прымурак). Калі ўчыняць рошчыну не ў дзежцы, а ў іншай пасудзіне, то трэба дадаваць у вадкае цеста сыраквашу. Раніцай сухія грыбы (звычайна баравікі) перамыць, размачыць, парэзаць на кавалкі, паварыць («прыварыць»); а потым уліваць рошчыну i памешваць, каб не было камячкоў, а таксама пасаліць, укрышыць галоўку цыбулі ці зялёнага «пер'я». Варыць да гатоўнасці, каб у печы поліўка ўварылася, «усмягла». Можна запраўляць падсмажаным салам з цыбуляй. Падаваць з хлебам або адваранай бульбай, на стале заправіць смятанай або сметанковым маслам (в. Старынкі, в. Саламір'е Полацкага р-на — Баханькова В. Ю., Баханькоў А. Я.). Посная квасная поліўка Посную грыбную поліўку елі ў пасты, менавіта: у кожную пятніцу, у дзедаву пятніцу, на свята Ваданосце перад Вадохрышчам, калі паміналі нябожчыкаў, i, нарэшце, у Чысты чацвер перад Вялікаднем (в. Аздамічы Столінскага р-на — Кадоліч Г. А
Дадатковыя словы
заазере, перя, саламіре
4 👁