Блінцы з грыбамі Напячы тонкіх мучных блінцоў. Адварыць сушаныя грыбы, парэзаць ці перакруціць на мясарэзцы з цыбуляй і пасаліць. На кожны блінец пакласці з лыжку грыбной сумесі, загарнуць і падсмажыць на алеі з цыбуляй. Скласці ў каструлю, дадаць смятаны і паставіць тушыць у духоўку або ў печ (в. Смаляніца Пружанскага р-на — Яроміч А. А.). Калдуны Нацерці на тарку бульбы, адціснуць яе на марлю, дадаць мукі, крухмалу, прыправіць соллю. Намачыць сушаныя грыбы, перакруціць на мясарэзцы. Змяшаць з мясным фаршам і перакручанай цыбуляй. Дадаць сырое яйка, спецыі. Узяць адціснутую драную бульбу, распляскаць аладкаю і пакласці на яе начынку. Абгарнуць начынку бульбай, зляпіць шарам і пакласці ў кіпень. Калдуны варыць да гатоўнасці. Заправіць смажаным дробна парэзаным салам з цыбуляй і падаваць на стол (в. Даўгінава Вілейскага р-на — Варановіч А. Ю.). Катлеты з баравікоў ці з іншых грыбоў Перакруціць на мясарэзцы свініну і ялавічыну, прыправіць цыбуляй, кропным насеннем, каляндрай, лаўровым лісцем і соллю на смак. Каб лепш ляпіліся, дадаць крышку вады. Адварыўшы сушаныя баравікі, скруціць іх на мясарэзцы з цыбуляй і падсмажыць на сале. Адварыць і пакрышыць яйкі. Мяса, грыбную масу і пакрышаныя яйкі змяшаць. Зляпіць катлеты, абсмажыць на патэльні. Потым скласці ў чыгунок ці каструлю і паставіць тушыць у печ (в. Рухава Старадарожскага р-на — Русаковіч В. Р.). Сяканцы (баравіковыя катлеты) Сушаныя баравікі намачыць у вадзе на ноч; раніцай вымыць, змалоць на машынцы разам са свіным і ялавічным мясам (ці якое маецца), дадаць сырое яйка, здробненую цыбулю — 2–3 шт., кропавае зерне, часнок, соль (усё на смак). Вымешанае месіва раздзяліць на порцыі (па дзве лыжкі), аформіць в пляскатыя катлеткі, скласці ў чыгунок або каструлю (рондаль) і паставіць у печ або духоўку у "лёгкі дух". Падаваць на стол у абед, есці з хлебам (в. Ніжняя Тошчыца Быхаўскага р-на — Каўбасава Н. Ц.). Лісічкавыя катлеты Жывыя (свежыя) лісічкі перабраць, ачысціць ад шыгалля, памыць, змалоць на машынцы з мясам свіным ці ялавічным, дадаць сырое яйка, цыбулю, насенне кропу, часнок і соль (на смак). Добра перамяшаць месіва, раздзяліць на порцыі па 2–3 лыжкі, аформіць у выглядзе аладак, сасмажыць
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
104 👁