Грыбы і грыбная кулінарыя (2005). І. Я. Яшкін, Г. І. Сяржаніна

 ◀  / 440  ▶ 
хвілін. Да стала падаюць з любым гарнірам, паліваючы яго смятаннай падлівай (в. Тычынкі Уздзенскага р-на — Коржаль М. А.). Дранікі грыбныя посныя Намачыць сушаныя грыбы, перамыць, перакруціць на мясарэзцы або дробна нарэзаць нажом. Зварыць грыбы з цыбуляй i соллю да поўнай гатоўнасці, адцадзіць. У драную бульбу ці цеста дадаць крухмалу, зрабіць аладку i на кожную накласці грыбную масу (лыжку ці дзве), загарнуць, злажыць у каструлю i заліць грыбным адварам, пакрышыць цыбуліну, дадаць алею i паставіць тушыць да гатоўнасці (ужывалі на посную каляду) (г. Сянно Віцебскай вобл. — Фіткевіч А. М.). Піражкі (пончыкі) з грыбамі Сушаныя грыбы намачыць, паварыць, ваду зліць у асобную пасудзіну i пакінуць. Грыбы парэзаць ці перакруціць з цыбуляй на мясарэзцы. Замясіць мучное цеста, падзяліць нароўныя кавалкі i кожны раскачаць на аладкі. На іх класці па лыжцы ці па дзве грыбоў. Грыбную масу загарнуць у аладку i скласці ў каструлю. Заліць астуджаным грыбным адварам i паставіць у печ. Пасля тушэння падаць на стол. Па жаданні можна заправіць сквараным салам, алеем, смятанай. Соль кладуць на смак у грыбы, цеста, грыбны адвар (в. Нямойта Сенненскага р-на — Касінцава К. R). Грыбоўнік Сушаныя грыбы (сумесь) намачыць i памыць, паварыць, дробна пакрышыць, змяшаць са смажаным з цыбуляй салам, крышачку пасаліць. Учыніць з пшанічнай мукі дражджавое цеста, замясіць i даць падыйсці. На тоўсты пласт цеста пакласці грыбы i загарнуць, змазаць раскалочаным яйкам. На прыпечку ў чалесніках на выгарнуты жар пакласці несмалісты «загнет» (дрэўкі, трэскі, падпалку) i запячы грыбоўнік да залацістай скарыначкі, а потым пасадзіць у выпаленую печ, зачыніўшы яе, каб ён добра прапёкся. Гарачы змазаць маслам (в. Любань Буда-Кашалёўскага р-на). Піражкі з капустай i грыбамі Адварыць любыя сушаныя грыбы, адцадзіць на друшлак. Грыбны адвар уліць у адціснутую кіслую капусту, дадаць падсмажаную на алеі цыбулю, заправіць на смак соллю, перцам. Адвараныя грыбы пакрышыць ці перакруціць іх на мясарэзцы з цыбуляй. Пасаліць i паставіць тушыць з капустай. Зрабіць дражджавое цеста i ў аплатак з цеста загортваць тушаныя грыбы (лыжку) з капустай. Піражкі з начынкай запячы на патэльні з алеем, скласці ў каструлю i паставіць тушыць у духоўку або ў печ (в. Смаляніца Пружанскага р-на — Масалава А. С
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
1 👁
 ◀  / 440  ▶