хвілін. Да стала падаюць з любым гарнірам, паліваючы яго смятаннай падлівай (в. Тычынкі Уздзенскага р-на — Коржаль М. А.).
Дранікі грыбныя посныя
Намачыць сушаныя грыбы, перамыць, перакруціць на мясарэзцы або дробна нарэзаць нажом. Зварыць грыбы з цыбуляй і соллю да поўнай гатоўнасці, адцадзіць. У драную бульбу ці цеста дадаць крухмалу, зрабіць аладку і на кожную накласці грыбную масу (лыжку ці дзве), загарнуць, злажыць у каструлю і заліць грыбным адварам, пакрышыць цыбуліну, дадаць алею і паставіць тушыць да гатоўнасці (ужывалі на посную каляду) (г. Сянно Віцебскай вобл. — Фіткевіч А. М.).
Піражкі (пончыкі) з грыбамі
Сушаныя грыбы намачыць, паварыць, ваду зліць у асобную пасудзіну і пакінуць. Грыбы парэзаць ці перакруціць з цыбуляй на мясарэзцы. Замясіць мучное цеста, падзяліць на роўныя кавалкі і кожны раскачаць на аладкі. На іх класці па лыжцы ці па дзве грыбоў. Грыбную масу загарнуць у аладку і скласці ў каструлю. Заліць астуджаным грыбным адварам і паставіць у печ. Пасля тушэння падаць на стол. Па жаданні можна заправіць сквараным салам, алеем, смятанай. Соль кладуць на смак у грыбы, цеста, грыбны адвар (в. Нямойта Сенненскага р-на — Касінцава К. Р.).
Грыбоўнік
Сушаныя грыбы (сумесь) намачыць і памыць, паварыць, дробна пакрышыць, змяшаць са смажаным з цыбуляй салам, крышачку пасаліць. Учыніць з пшанічнай мукі дражджавое цеста, замясіць і даць падыйсці. На тоўсты пласт цеста пакласці грыбы і загарнуць, змазаць раскалочаным яйкам. На прыпечку ў чалесніках на выгарнуты жар пакласці несмалісты «загнет» (дрэўкі, трэскі, падпалку) і запячы грыбоўнік да залацістай скарыначкі, а потым пасадзіць у выпаленую печ, зачыніўшы яе, каб ён добра прапёкся. Гарачы змазаць маслам (в. Любань Буда-Кашалёўскага р-на).
Піражкі з капустай і грыбамі
Адварыць любыя сушаныя грыбы, адцадзіць на друшлак. Грыбны адвар уліць у адціснутую кіслую капусту, дадаць падсмажаную на алеі цыбулю, заправіць на смак соллю, перцам. Адвараныя грыбы пакрышыць ці перакруціць іх на мясарэзцы з цыбуляй. Пасаліць і паставіць тушыць з капустай. Зрабіць дражджавое цеста і ў аплатак з цеста загортваць тушаныя грыбы (лыжку) з капустай. Піражкі з начынкай запячы на патэльні з алеем, скласці ў каструлю і паставіць тушыць у духоўку або ў печ (в. Смаляніца Пружанскага р-на — Масалава А. С.).
74 👁