Смажонка з грыбоў
Сырыя грыбы адварыць у падсоленай вадзе (або абліць варам у друшляку), парэзаць (і потым памешваць) нажом з нержавейнай сталі, каб не чарнелі, не сінелі. На гарачую патэльню ўскінуць свінога тлушчу, пакласці грыбы, крыху падсмажыць і дадаць тоўчанай варанай бульбы ці крышанай, зваранай у лушпінах і ачышчанай. Смажыць да залаціста-жоўтай скарыначкі, па жаданні можна крыху пасыпаць перцам.
Падаваць з чорным хлебам і сыраквашай (в. Навасёлкі Мядзельскага р-на — Скурко Н. Е.).
Смажаныя рыжкі
Рыжкі памыць, адрэзаць ножкі; шапачкі, пасаліць, абкачаць у муцэ і смажыць на сметанковым масле да гатоўнасці (в. Навасёлкі Мядзельскага р-на — Скурко Н. Е.; в. Капусціна Валожынскага р-на — Ксёнак Н. А.).
Смажаныя гаркухі, пячурыцы
Гаркухі да 1—3 дзён вымачыць у салёнай вадзе, перамыць, парэзаць і смажыць, дадаўшы сала ці алею (в. Студзянец Касцюковіцкага р-на — Максіменка М. Ц.).
Пячурыцы аблупіць і смажыць на патэльні. Пасаліць. Дадаць здробненай цыбулі, перад заканчэннем смажання дадаць тлушчу (там жа).
Пячурыцы ў смятане
Перамыць шапачкі маладых грыбоў, паварыць 10 хвілін у вадзе, адцадзіць. Падсмажыць у невялікай колькасці тлушчу з цыбуляй на патэльні. На другой растапіць сметанковага масла, дадаць дробна парэзаны пучок зялёнага маладога кропу і 6—7 лыжак смятаны, якую папярэдне трэба разагрэць (але не кіпяціць), і пасаліць. Гэтай падлівай заліць смажаныя пячурыцы і адразу зняць з агню. Падаваць на патэльні разам з блінамі, адваранай бульбай, дранікамі (в. Тычынкі Уздзенскага р-на — Коржаль М. А.).
Лісічкі ў піве
Жывыя (свежыя) лісічкі перабраць, памыць, выбраць аднаго памеру, пакласці ў каструлю, заліць вадою і варыць 30—40 хвілін. Ваду зліць; грыбы з рэштай адвару перакласці ў глыбокую патэльню, дадаць светлае піва — столькі, каб грыбы цалкам былі пакрытыя ім. паставіць на невялікі агонь і смажыць без накрыўкі пакуль уся вадкасць не выпарыцца. Смажаныя лісічкі маюць залацісты колер і прыемны хлебны пах. Гэты ласунак спажываецца з мучным, печаным (г. Мінск — Яшкін В. І.).
107 👁