Смажонка з грыбоў Сырыя грыбы адварыць у падсоленай вадзе (або абліць варам у друшляку), парэзаць (i потым памешваць) нажом з нержавейнай сталі, каб не чарнелі, не сінелі. На гарачую патэльню ўскінуць свінога тлушчу, пакласці грыбы, крыху падсмажыць i дадаць тоўчанай варанай бульбы ці крышанай, зваранай у лушпінах i ачышчанай. Смажыць да залацістажоўтай скарыначкі, па жаданні можна крыху пасыпаць перцам. Падаваць з чорным хлебам i сыраквашай (в. Навасёлкі Мядзельскага р-на — Скурко H. E.). Смажаныя рыжкі Рыжкі памыць, адрэзаць ножкі; шапачкі, пасаліць, абкачаць у муцэ i смажыць на сметанковым масле да гатоўнасці (в. Навасёлкі Мядзельскага р-на — Скурко Н. Е.; в. Капусціна Валожынскага р-на — Ксёнак H. A.). Смажаныя гаркухі, пячурыцы Гаркухі да 1-3 дзён вымачыць у салёнай вадзе, перамыць, парэзаць i смажыць, дадаўшы сала ці алею (в. Студзянец Касцюковіцкага р-на — Максіменка M. Ц.). Пячурыцы аблупіць i смажыць на патэльні. Пасаліць. Дадаць здробненай цыбулі, перад заканчэннем смажання дадаць тлушчу (там жа). Пячурыцы ў смятане Перамыць шапачкі маладых грыбоў, паварыць 10 хвілін у вадзе, адцадзіць. Падсмажыць у невялікай колькасці тлушчу з цыбуляй на патэльні. На другой растапіць сметанковага масла, дадаць дробна парэзаны пучок зялёнага маладога кропу i 6-7 лыжак смятаны, якую папярэдне трэба разагрэць (але не кіпяціць), i пасаліць. Гэтай падлівай заліць смажаныя пячурыцы i адразу зняць з агню. Падаваць на патэльні разам з блінамі, адваранай бульбай, дранікамі (в. Тычынкі Уздзенскага р-на — Коржаль M. A.). Лісічкі ў піве Жывыя (свежыя) лісічкі перабраць, памыць, выбраць аднаго памеру, пакласці ў каструлю, заліць вадою i варыць 30-40 хвілін. Ваду зліць; грыбы з рэштай адвару перакласці ў глыбокую патэльню, дадаць светлае піва — столькі, каб грыбы цапкам былі пакрытыя ім. паставіць на невялікі агонь i смажыць без накрыўкі пакуль уся вадкасць не выпарыцца. Смажаныя лісічкі маюць залацісты колер i прыемны хлебны пах. Гэты ласунак спажываецца з мучным, печаным (г. Мінск — Яшкін В. I
2 👁