галоўку цыбулі, крышаную бульбу (3–4 бульбіны), наліць вады і пасаліць па смаку. Пазней дадаць квашаную капусту. Па смаку захоўваць кісліну (квас капусны). Усё гэта прэе ў печы да абеду. У місцы на стале дадецца смятана (в. Белавуша Столінскага р-на — Мельнік Н. А., Юрчук В. А.).
Калядны боршч з вушкамі
Пакрышыць сталовыя буракі саломкай, дадаць капуснага соку або лімоннай кіслаты, каб захаваўся чырвоны колер жыжкі, і паставіць варыць. Адварыць сушаныя грыбы, адцадзіць на друшляк, перамалоць на мясарэзцы з цыбуляй, прыправіць на смак соллю і перцам.
Раскачаць дражджавое цеста і парэзаць яго на прамавугольнічкі ці ромбікі. На кожны пакласці па лыжцы грыбной сумесі, загарнуць яго, зрабіўшы вушка. Запячы вушкі на патэльні ў алеі з цыбуляй. У боршч уліць грыбны адвар, укласці вушкі і заправіць цыбуляй, падсмажанай на алеі. Паставіць у печ, каб упрэла (в. Смаляніца Пружанскага р-на — Масалава А. С.)
Бацвінне з сушанымі баравікамі
З рослага «паспелага» бацвіння (гічаноў) абскубсці мяккую частку лістоў. Цурубалкі («дудкі» ад лісця) памыць і здрабніць нажом. Пасля ўсыпаць у драўляную ці эмаляваную пасудзіну, заліць халоднай вадой, накрыць накрыўкай і пакінуць у склепе ці каморы, каб укісла. Набраць кіслага бацвіння ў гаршчок ці чыгунок, даліць вады, дадаць сушаныя баравікі, пасаліць на смак і гатаваць у «добрым духу», «у жарку». Перад канцом гатавання падбіць мучной подкалаткай (разведзенай у вадзе мукой). Падаваць да стала з адваранай неабіранай (у шалупінні) бульбай замест хлеба. Дадаць смятану, перац (в. Навасёлкі Мядзельскага р-на — Салавей Л. М., Скурко Н. Е.).
Юшнічок
Папярэдне замочаныя сушаныя грыбы (5–8 шт.) перамыць, парэзаць, заліць у чыгунку вадой, дадаць жменю ячных круп і паставіць у печ. Паварыўшы, пакласці парэзанай свежай рыбы або наламаць сушанай, дадаць 2–3 бульбіны, укрышыць цыбуліну. Варыць пад накрыўкай да гатоўнасці. У канцы гатавання пасаліць (в. Рыбчына Вілейскага р-на — Мацкевіч Ю. Ф.).
Юшка
Папярэдне замочаныя сушаныя грыбы перамыць, парэзаць і паставіць варыць, дадаўшы буйную цыбуліну, здробненыя кавалачкі сала і солі на смак. Перад заканчэннем гатавання ўліць свежай свіной крыві, крыху
79 👁