Традыцыйным для гарачых страў беларускай народнай кухні з'яўляецца выкарыстанне грыбоў у выглядзе падкалот ці полівак, мачанак, каш. У адрозненне ад рускага ці іншых кулінарных спосабаў гатавання беларускія кухары часцей ужывалі грыбы ў сушаным выглядзе. Гэта і зразумела: Беларусь спрадвеку была лясным краем, вельмі багатым на грыбы лепшых, найбольш каштоўных гатункаў — такіх, як баравікі, асавікі і іншыя. Іх сушылі, імі з ахвотай харчаваліся, вялікую колькасць збывалі на грошы ці на падаткі. Не дзіва, што беларусам была добра вядомая ўласцівасць баравікоў у сушаным выглядзе ўзмацняць свой непаўторны водар, за які ён так высока цэніцца. Была вельмі шырокая магчымасць выбару найлепшых грыбоў — вось адсюль, відаць, і традыцыйнасць у іх выкарыстанні. Хочацца прыгадаць тут, што ва ўраджайныя гады баравікі, асавікі вазілі вазамі, а ўсе іншыя страўныя грыбы некаторыя збіралі на воз віламі. (Іх за такі спосаб збірання грыбоў папракалі, з іх жартавалі, што не маглі назбіраць баравікоў.) Асаблівасцю гатавання тут было досыць шырокае выкарыстанне «кіслі» з дзежкі, квасу, капуснага або бурачнага расолу. Відаць, гарачыя грыбныя стравы павінны былі быць падкісленымі (вядома, на смак). Поліўкі і мачанкі гатавалі поснымі ці з тлушчамі; часам да іх дадавалі мяса або вяндліну, каўбасу хатняга прыгатавання, чым значна павышалі каларыйнасць і смакавыя якасці страў.
Яшчэ адной асаблівасцю беларускай грыбной кухні з'яўляецца шырокае выкарыстанне грыбоў у здробненым выглядзе. Іх вараць або тушаць, дадаючы цыбулю і спецыі, часам смажаць, а потым рэжуць ці здрабняюць на мясарэзцы. Так гатуюць начынку для бульбяных піражкоў і зразаў, катлет, камоў або калдуноў. У гэтым плане цяжка адрозніць беларускую кухню ад літоўскай, дзе таксама шырока распаўсюджана здрабненне грыбоў пры гатаванні ежы. Смажаныя піражкі, камы, калдуны і іншыя стравы з грыбной начынкай па традыцыйных правілах абавязкова яшчэ тушаць у печы. Доўгае — часта ад самай раніцы аж да абеду — вытрымліванне страў у гарачай печы таксама, відаць, апраўдвала сябе, бо за гэты час грыбы (ежа наогул «цяжкая» для засваення) управалі, станавіліся больш мяккімі, здатнымі для стрававання.
Тое ж самае трэба сказаць аб прыгатаванні каш з грыбамі, іх гатавалі звычайна з круглых або сечаных ячных круп.
Выкарыстанне варыстай печы адбілася і на шырокім, галоўным чынам сезонным, ужыванні тушаных грыбоў. Але і ўзімку, асабліва ў «посныя» дні, гаспадыні частавалі сваіх сямейных тушанымі стравамі з сушаных, папярэдне вымачаных грыбоў. Гэта былі звычайна гарачыя стравы. Добра «патаміўшыся» ў печы, яны падаваліся да стала смачныя, у духмянай пары, разам з бульбай — «сухапаркай», «цаліўнікамі», іншым гарнірам, хлебам.
Вельмі часта грыбы ядуць проста варанымі або смажанымі — гэта, вядома, таксама часцей сезоннае ўжыванне свежых, толькі што сабраных грыбоў. У адных выпадках грыбы смажаць «на сухой патэльні» ва ўласным
73 👁