Грыбы ў памідорах (Балгарыя) Памідоры разрэзаць напалам упоперак асі, выдаліць мякаць, здрабніць яе, а палавінкі пакласці на падмасленую бляху і крыху пасаліць. Здрабніць адвараныя грыбы і цыбулю, змяшаць з мякаццю памідораў, дадаць солі і перцу, абсмажыць. Напоўніць гэтым фаршам палавінкі памідораў, пасыпаць сухарамі і запякаць ў духоўцы прыкладна 30 хвілін. На 1 шклянку здробненых грыбоў 1—2 цыбуліны, па 1—2 ст. л. алею і сухароў, соль і перац на смак. Грыбы ў салодкім перцы (Балгарыя) Струкі перца спячы або апарыць, ачысціць ад насення. Падсмажыць здробленую цыбулю, дадаць да яе вараны рыс, здробненыя памідоры і грыбы. Усё добра змяшаць, падсмажыць на алеі, дадаўшы крыху вады, солі і перцу, тушыць да гатоўнасці. Напоўніць фаршам перцы, пакласці іх у шырокі сатэйнік, заліць запраўкай з тушаных у масле памідораў і гатаваць на слабым агні 5—7 хвілін. Гатовую страву пасыпаць зяленівам пятрушкі. На 500 г грыбоў 500—700 г перцу, 0,3 шклянкі рысу, 1—2 цыбуліны, 2—3 памідоры, 2—3 ст. л. алею; соль, молаты перац, зяленіва — на смак. Заліўное з грыбоў (Расія) Адвараныя ў падсоленай вадзе грыбы пасекчы, пакласці ў форму, заліць працэджаным грыбным булёнам з распушчаным жэлацінам і паставіць у халоднае месца, каб застуднелі. Прыгатаваць соус-маянэз з растёртага ў густую белую масу жаўтка, алею, гарчыцы; прыправіць яго соллю, цукрам, воцатам або лімонным сокам. Падаваць заліўное пад соусам да адваранай бульбы. На 500 г грыбоў 0,8 л вады, 1 ст. л. жэлаціну; для маянэзу 1 жаўток, 0,5 шклянкі алею, 1 ч. л. гарчыцы, воцат; соль і цукар на смак. Пячурыцы фаршыраваныя (Італія) Шапачкі буйных грыбоў цалкам патушыць у сметанковым масле, крыху астудзіць, выразаць з кожнай мякаць. Ножкі і выразаную мякаць дробна пасекчы, патушыць да поўнай мяккасці, дадаць бульбянага пюрэ, пасаліць, пасыпаць молатым перцам і добра вымясіць фарш. Нафаршыраваць ім шапачкі. Прыгожа раскласці на талерцы; перад падаваннем на стол на кожную шапачку палажыць тонкі скрылік салёнага агурка. На 300—400 г пячурыц 1 ст. л. сметанковага масла, 2—3 ст. л. бульбянага пюрэ, 1 салёны агурок; соль і перац на смак.
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
106 👁