Грыбы і грыбная кулінарыя (2005). І. Я. Яшкін, Г. І. Сяржаніна

 ◀  / 440  ▶ 
што грыбы здольныя назапашваць у пладовых целах солі цяжкіх металаў, свінцу ў колькасці, шкоднай для чалавека. Таму пры збіранні неабходна ўлічваць сучасную экалогію, якая, на жаль, часта адмоўна адбіваецца на магчымасці ўжываць грыбы. Асабліва гэта датычыць радыялагічнай абстаноўкі, што склалася на тэрыторыі Беларусі пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Намаганнямі вучоных Інстытута эксперыментальнай батанікі i Інстытута радыябіялогіі АН РБ высветлена, што грыбы — актыўныя акумулятары радыянуклідаў — па здольнасці назапашваць радыяізатопы цэзію значна апярэджваюць вышэйшыя расліны. У гэтым сэнсе вызначаюцца тры групы відаў: да першай належаць найболын устойлівыя да цэзію глузд звычайны, лісічка звычайная, баравік, абабак, асавік i сіняк, апенька асенняя, падзялёнка, пячурыца лясная i многія сыравежкі; да другой — сярэднеўспрыймальныя казляк, зялёнка, свіння, падгроб, чарнуха, ваўнянка, рыжок i шаруха; да трэцяй — найбольш актыўныя назапашвальнікі радыяцэзію маслякі, імшарнік, падбаравік, а таксама курачка, гаркуха i некаторыя віды лейкавіц. Як бачым, з гэтымі сведчаннямі неабходна лічыцца грыбаўнікам. Трэбатаксама мець на ўвазе i схему заніравання Беларусі па радыялагічным забруджванні грыбоў (см. вклейку). Захварэць можна i проста ад пераядання, асабліва калі есці грыбы нанач, бо з-за вялікай колькасці клятчаткі яны з цяжкасцю засвойваюцца нават здаровым арганізмам. 3 гэтай прычыны грыбныя стравы як «цяжкая ежа», што можа выклікаць абвастрэнне, выключаюцца з рацыёну харчавання асоб з хранічнымі хваробамі страўніка, печані i іншых органаў стрававання. У такіх выпадках захворванні праяўляюцца звычайнымі сімптомамі парушэння стрававання i пры своечасовым лячэнні канчаюцца добра. Гэтага нельга сказаць пра атручэнні, выкліканыя атрутнымі i ўмоўна страўнымі грыбамі — глуздамі, мухаморамі, валакнянкамі, кабылкамі. Атручэнні глуздамі адбываюцца звычайна вясной. Атруты гэтых грыбоў — рэчывы складанай арганічнай прыроды. Па ўздзеянні на арганізм яны нагадваюць таксіны бледнай паганкі — пашкоджваюць печань, селязёнку, ныркі, сэрца, эрытрацыты, парушаюць абмен рэчываў, дзейнасць цэнтральнай нервовай сістэмы. Г эта гірамітрын (ад лацінскай назвы глузда — гірамітра), гельвелавая кіслата i іншыя атруты, яшчэ да канца не вывучаныя. Спажываць глузды можна толькі пасля працяглага (да 5-6 месяцаў) высушвання на паветры: у працэсе сушэння атруты акісляюцца кіслародам. Раней лічылася, што для абясшкоджвання грыбоў дастаткова іх доўга варыць, але сезоннасць атручэння якраз i сведчыць пра тое, што гэтага мала. Праз 6-10 гадзін пасля ўжывання глуздоў пачынаецца моташнасць, потым няспынная рвота, рэзкі боль у страўніку i галаве, непрытомнасць, трызненне, сутаргі, часта панос, вялікая слабасць. Цяжкасць атручэння
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
4 👁
 ◀  / 440  ▶