Страўныя грыбы і іх выкарыстанне
Калі мы не палянуемся зазірнуць у гісторыю, дык упэўнімся, што грыбы вядомы з глыбокай даўніны. Яшчэ дагістарычныя людзі ведалі шмат якія грыбы, што можна есці, і ахвотна сілкаваліся імі. Першыя літаратурныя звесткі пра грыбы з'явіліся ў IV ст. да нашай эры: у сваіх працах грэчаскі вучоны, "бацька батанікі" Тэафраст апісаў прыкметы і магчымасці выкарыстання пячурыцаў, труфляў ды іншых грыбоў. Потым навука маўчала пра грыбы амаль пяць стагоддзяў — да тае пары, калі ў І ст. нашай эры рымскі вучоны і пісьменнік Пліній упершыню паспрабаваў сістэматызаваць грыбы, вылучыўшы дзве вялікія группы — страўныя і нястраўныя. Гэта было зусім невыпадкова: менавіта ў старажытным Рыме страўныя грыбы сталі асабліва папулярныя. Без грыбной стравы не абыходзілася ніводнае застолле, ніводны баль, асабліва ў людзей багатых, у патрыцыяў. Тагачаснаму рымскаму паэту Марцыялу належыць крылатая фраза: "Срэбрам і золатам... лёгка паступіцца, але немагчыма адмовіцца ад стравы з грыбоў!". З часоў Юлія Цэзара адна з мухамораў, прыгожы грыб з выдатным смакам і пахам, завецца цэзаравым, або кесаравым, грыбам. Ён заўсёды аздабляў баляванні ў рымскіх імператараў. На жаль, у нашым краі гэты цікавы грыб не выяўлены: відаць, не хапае сонца і цяпла. Але і без яго страўных грыбоў у рэспубліцы шмат — больш за 250 відаў з розных сістэматычных груп. Па сваіх якасцях не ўсе грыбы роўназначныя. Найбольш каштоўныя — усе формы баравікоў, асавікі, маслякі, махавікі, рыжкі, падгроб, лісічка, апенька восеньская, смаржкі. Прадукцыя з іх — сушаныя, марынаваныя, салёна-адвараныя і салёныя грыбы — карыстаецца неабмежаваным попытам як на ўнутраным, так і на знешнім рынку; вялікі эканамічны эфект дае і экспарт грыбоў.
Але гэта датычыцца толькі першагатунковых, найбольш каштоўных відаў; большасць жа страўных грыбоў у масавых, арганізаваных нарыхтоўках мае значна меншую ўдзельную вагу. Радоўкі, зялёнка, апенькі летняя і падарожная (варушкі), шматлікія сыравежкі і малачаі, таўстухі і пячурыцы часцей нарыхтоўваюцца насельніцтвам толькі для ўласных патрэб. Наогул, група грыбоў, якія дазволена ўжываць Міністэрствам аховы здароўя, параўнальна невялікая — іх усяго толькі 50–60 відаў. Значна шырэйшая катэгорыя так званых малавядомых страўных грыбоў, што збіраюць далёка не ўсюды і не ўсе грыбаўнікі. Амаль у кожным лесе
83 👁