Дыялектны слоўнік (2005). Н. І. Гілевіч

 ◀  / 177  ▶ 
УПЛЁТ м. Каснік. А мы ж яе па русай касе пазнаем, па зялёненькіх уплётах. Вязынка. УПОЛ м. Тэмпература. Пастоў мне градуснік, ці вялікі ўпол, нешта мяне жарыць цэлы дзень, сёмы пот сходзіць. Волма. УРАДЗІМЫ прым. Прыроджаны. Ён не ўрадзімы нямы. Было шэсць гадоў, спужаўся i адразу анямеў. Рудня. УРЭЗАЦЦА зак., перан. Закахацца. Я каб быў малады, то ўрэзаўся б у катору. Хожава. УСЛУЖНІЦА ж. Услужлівая жанчына. Такая работніца, такая ўслужніца была. Рудня. УСМЯГНУЦЬ зак. Ссохнуць, усохнуць. Каб ты ўсмяг, каб ты! Заслаўе. УСПАМІНКІ толькі мн. Памінкі. Заўтра праз вуліцу, ўспамінкі па жане. Хожава. УСЦЯГ прысл. Цугам, следам. Пан ездзіў пяццю коньмі, дзве паркі i адзін усцяг пускаўся. Рудня. УСЫПІШЧА зак., н. Бочка для збожжа. Застацца на ўсыпішча. (Не пазначана — дзе запісана). УТРАНЦАЦЦА незак. Умешвацца. Я дык да іх не ўтранцаюся, як хочуць, хай так i жывуць. Мне, як кажуць, ні па кані, ні па аглоблях. Краснае. УТРУПЁЦЬ зак., перан. Модна спалохацца, да страты прытомнасці. Я на сабе даканалася, што ад страху можна ўтрупець. Каля магілак ніколі вечарам ні пайду. Волма. УТУСОЎ прысл. Марна, у адкіды. Перабрала грыбы, надта шмат утусоў пайшло. Застадолле. УХАЖОР м. Кавалер, залётнік. Ухажораў у мяне было чорт ведае колькі, а папала я нехарошага. Хожава
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
6 👁
 ◀  / 177  ▶