САЛЯДЭРА ж. Трава на корм хатняй жывёлы, сеецца па азімых i яравых. Ідзі касіць салядэру, скаціна галодная, чуеш, раве. Навагрудскі р-н. САМАДЗЯЛКОВЫ прым. Самаробны, зроблены ўручную. Шэрсць потым — на кудзелю, i на караўлоты пралі. Усё самадзялковае было. Выпрадзе другая такую ж нітачку танюсенькую, што шыць ёю можна. Рудня. САМАПЛАЎ м. Лес, які сплаўляўся без удзелу плытагонаў. Дровы таксама сплаўлялі, але іх сплаўлялі самаплавамі, кідалі ў рэчку сотні кубаметраў дроў. Рудня. САМАПРАДКА ж. Калаўрот. Раней мы i на самапрадках пралі, i на верацяно. Рудня. САМАСЁЙКА агульн., абразл. Дзіця ад грамадзянскага шлюбу. Ганячка гэна вот пародлівая была, аднаго кінула i другога нашла, а сястра яе замуж хоць не вышла, але так найшла самасейкі дзве. Ганячка i выгадавала іх, адна ўжо замужам, другая ішчэ ў дзеўках ходзя. Краснае. САМАХОЦЬ прысл. Самохаць. Або Ірца Хадасовай трэба было замуж за яго ісьці? Бацькі колькі прасілі — не паслухала, самахоць пашла. Цяперака, во, высахла, выпятрыла, як пятроў венік. Краснае. САПСЕЛЫ прым. Зусім састарэлы i аслабелы розумам. Слабада. САПСЕЦЬ зак. Састарэць i аслабнуць розумам. Слабада. САЎСЁМ прысл. Зусім. Як была малая, дык саўсём сабаку не баялася. Хожава. САХАРОЎКА ж. Самаробная гарэлка з цукру. Як тата памёр, дык ён прыехаў, навёз усяго сахароўкі 10 літраў зрабіў. Хожава
16 👁