ПЭНКАЦЬ незак. Лопацца. Прышоў гэны жаніх, прынёс гарэлкі, a гаспадыня дайніцу капусты. А падружка мая, каторую сватала гаспадыня, сядзіць i аж пэнкае ад сьмеху. Краснае.
ПЭЦКАЛЬ м., перан. Не таленавіты ў мастацтве ці ў літаратуры чалавек. Той, хто не малюе, а толькі пэцкае. Слабада.
ПЯНЬКОВАЧКА (памянш. ад пянькоўка) Невялікага памеру хустка з лёну. Напрадуць некалі лёну, нафарбуюць на разныя калёры, аснуюць у палосачку на разныя цьвяты i ткуць пяньковачкі. А калі вытчаш i завяжыш, аж хлапцы заглядаліся, такія яны былі зграбныя, i пільнуесься, каб хаця не збэсьціць, каб надаўга была. Краснае.
ПЯРВОСЦІНКА ж. Першацёлка. (Дзе запісана — непазначана).
ПЯРОД прысл. Раней, да гэтага, перад гэтым, уперад. Пярод у калхоже капалі, свой торп. Пярод у вёсцы была адна вуліца. Хожава.
ПЯРХЁКАЦЬ незак. Часта i суха адкашлівацца. Цэлую ноч пярхекаў, заснуць не даў. Волма.
ПЯРЭДАЙКА ж. Ялавіца, перадойка. Сёлята наша карова не папалявала, пярэдайка. Малака мала давала, людзі прыносілі. Hi лою, ні ўдою з такой каровы. Толькі харч пераводзя. Краснае.
ПЯРЭЗАЎКІ толькі ў мн. Сустрэча бацькоў маладых пасля вяселля.
УЛукашовых хацелі быць пярэзаўкі зімой, але ня будуць. Аньця на цяпло адлажыла, а пакуль, кажа, хай сваты выбачаюць. Пацяплея, тады i баль спраўляць будуць i знакоміцца. Краснае.
ПЯРЭЧКІ мн. Чырвоныя парэчкі. У садзе расце ягрэст, пярэчкі, садавая смуродзіна, маліны. Рудня
28 👁