Дарэчы, магчыма ў нейкай сувязі з ужываннем форм тыпу тато, дзядзько ў назоўным склоне адзіночнага ліку трэба тлумачыць і форму бусько 'бусел', характэрную для гаворак усходняга Палесся, і падобныя формы назоўнага склону адзіночнага ліку іншых назоўнікаў мужчынскага роду на -а /Сашко, Петро, можа нават і Днепро/.
Адзначаныя клічныя формы ад назоўнікаў жаночага роду на -а з'яўляюцца агульнавядомымі ў гаворках усходняга Палесся. Аднак дакладны арэал іх не высветлены яшчэ.
Матэрыялы ДАБМ сведчаць, што ў творным склоне адзіночнага ліку назоўнікі жаночага роду на -а маюць у мясцовых гаворках паўднёвага захаду Беларусі, і асабліва ўсходняга Палесся, пераважна так званы поўны канчатак -ою /-аю/, -ею. Пераважае ён і ў гаворцы в. Жахавічы: смалою, пад сценою, за хатаю, пад гарою, за рэкою, шчоткаю, сокераю, папліскаю, пражкаю, мукою, параю, галавою, мусаю, межаю, шашэю, з душэю, с кашэю, сажэю, зь землею, з Манею, с кудзелею, жменею, жызьнею, пешнею, простынею і г.д.
Адзначаны ў падобных умовах і кароткі канчатак -ой /-ай/: граб'ёнкай, ложкай, старшыной, Тэклей.
Але трапіліся прыклады ўжывання падобных формаў у творным склоне адзіночнага ліку ад назоўнікаў жаночага роду з асновай на зычны ў назоўным склоне адзіночнага ліку: смерцею, з радасцею, с хітрасцею, з уласцею. На жаль, звернута ўвага на гэта была не пры назіранні над гаворкай, калі можна было б прыгледзецца да гэтай з'явы асабліва, а пры аналізе сабраных матэрыялаў.
Многія назоўнікі жаночага роду на -а з націскам у склонавых формах адзіночнага ліку на канцавым галосным маюць у вінавальным склоне адзіночнага ліку форму з націскам на аснове: косу ментуеш, покупаеш землю, набірае воду, упоўз у копу, саджала руку, сена на зіму, па тваю душу, пад гору, на войну, зіму, у раку, образну, голову /і голоў/ і інш.
Але — узяў пілу, бачу сестру, дачку, сосну, траву, муку, метлу, куццо, свінно, дугу, межу, пчалу.
Паслядоўна захоўваецца ў гаворцы паўднёва-заходняя дыялектная, у тым ліку і ўсходнепалеская асаблівасць — канчатак -а ў назоўнікаў ніякага роду ў назоўным склоне множнага ліку:
82 👁